Сёння, 2 лютага, 19.00(Кнігарня галерэі “Ў”)- Аўтарскія чытанні Трыстана Х’юза
Літаратурная кавярня запрашае ў межах працы суполкі
у аўторак, 2 лютага, 19.00, на аўтарскія чытанні
Трыстана Х’юза.
Abibliotheca anglica nova
Выдавецтва Логвінаў
Кнігарня галерэі “Ў”
Пр. Незалежнасці 37a
+375 291 33 48 59
+375 293 74 91 86
Брытанскі пісьменнік Трыстан Х’юз жыве паміж двума сусветамі.
Нарадзіўшыся ў Канадзе, ён ва ўзросце двух гадоў пераязджае разам з бацькамі на валійскі востраў Ініс Мон, дзе жыве і цяпер. Але сувязь з канадскімі каранямі не страцілася. Хоць ён і вырас на паданнях і легендах валійскага вострава, канадская і амерыканская літаратура выклікаюць у яго не меншую цікавасць. Такая падвоенасць не магла не паўплываць на яго як на пісьменніка.
Трыстан Х’юз тлумачыць гэта наступным чынам: “Калі твае карані паходзяць з розных месцаў, ты не можаш поўнасцю да канца належыць толькі аднаму з іх. Ты глядзіш на іх адначасова са знешняй і з унутранай перспектывы. Сёння ёсць цудоўная магчымасць досыць танна вандраваць па свеце, у той жа час узнікае жаданне мець нацыянальную ідэнтычнасць, радзіму і магчымасць вяртацца”. Такім чынам, ягоныя героі, – як і сам ён, – гэта часцяком людзі нетутэйшыя або вандроўнікі, што пабывалі ў далёкіх краях. Аўтара цікавяць ўзаемаадносіны паміж блізкасцю і аддаленасцю, чалавецтвам і прыродай, уплыў мінуўшчыны на сённяшняе жыццё.
Трыстан Х’юз абараніў доктарскую дысертацыю па літаратуры Амерыкі і краінаў Ціхага Акіяну. Ягоныя папярэднія раманы “Вежа” і “Адашліце маё астылае цела дамоў” былі высока ацэнены ў Вялікабрытаніі.
“Павяртанне” – трэці раман пісьменніка. Трыстан Х’юз распавядае пра трох сяброў (Нэйла, Рыкі і Стэфі), якія пасля 10-гадовай разлукі сустракаюцца ў аддаленай валійскай вёсачцы, дзе яны выраслі, як яны наведваюць старыя мясціны дзяцінства і задуменна ўзгадваюць адсутную Дэл, чацвертую сяброўку з іх кампаніі. Змрочны аповед вядзецца ад імя трох герояў, іх гісторыі пераплятаюцца, апісваючы падзеі то дзяцінства, то дарослага жыцця. Як і ў любой гісторыі пра прывідаў, аўтар увесь час трымае чытачоў у напружанні. Да самага заканчэння раману дакладныя абставіны смерці Дэл як і ейны характар застаюцца незразумелымі, цьмянымі і недасягальнымі.

