23.11–29.11.2009 – выстава “SketchBook”

SketchBook

Куратар: Хрысціна Сташкевіч

Час і месца правядзення: 23–29 лістапада, галерэя “Ў”.

Выстава “SketchBook” — гэта праект, прысвечаны кнігам: намаляваным кнігам, арт-кнігам, запісным кніжкам. Тут можна ўбачыць як арыгіналы, так і павялічаныя копіі, якія дазваляюць больш падрабязна разгледзець усе дэталі. Для знаёмства з замежнымі аналагамі на выставе дэманструецца слайд-шоў скечбукаў з розных краін. Праект “SketchBook” — першая спроба прэзентаваць такога кшталту формы мастацтва ў галерэйнай прасторы, што паслужыць штуршком для далейшага развіцця гэтай тэмы.

Мастацтва кнігі, ці кніжнае мастацтва, на сённяшні дзень не абмяжоўваецца паняццем ілюстрацыі ці выдавецкай дзейнасці. Сучасны мастак звяртаецца да вобраза кнігі ў класічных формах: у графіцы, жывапісе і скульптуры, выкарыстоўвае яе саму ў інсталяцыях, перформансах і відэаарце, а таксама стварае свае ўласныя кнігі. Ва ўсіх гэтых выпадках выкарыстаная мастаком і затым перанесеная ў галерэйную прастору кніга становіцца творам мастацтва.

У выставе ўдзельнічаюць:

Вольга Сазыкіна, Аляксей Андрэеў, Зоя Луцэвіч, Юрась Барысевіч, Антаніна Слабодчыкава, BWGM, Сяргей Бабарэка, Ганна Жынь, Аляксей Губараў, Юра Шуст, Ілья Доўнар, Базыль, Зміцер Післяк, Юра ніо.