Арэнда прасторы
Кнігарня ”логвінаЎ”
Сакавік 26, 2013 - Сакавік 30, 2013

Афіша кнігарні "логвінаЎ" на 28-30 сакавіка

28 сакавіка 2013 

18.30

Кнігарня “логвінаЎ"

Уручэнне літаратурнай прэміі “Залатая літара”

На “Нулявым кніжным кіламетры”, які знаходзіцца на ганку кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці 37а), адбудзецца ўручэнне прэміі “Залатая літара” за 2012 год. У імпрэзе возмуць удзел: Адам Глобус, заснавальнік прэміі, намінанты на прэмію, літаратары.

Крыху пра прэмію

“Залатая Літара” — штогадовая  літаратурная прэмія, якая ўручаецца пісьменнікам Адамам Глобусам за найлепшую кнігу года. Уручаецца з 2004. Уганараванне традыцыйна адбываецца ў сакавіку ды праводзіцца ў маленькіх кавярнях і кнігарнях Мінска. Лаўрэтамі прэміі ў розныя гады рабіліся Сяргей Харэўскі, Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Андрэй Федарэнка. Памер прэміі складае сто еўраў. Сёлета ў шорт-лісце “Залатой літары” апынуліся 5 кніг:

Валянцін Акудовіч "Кніга пра нішто"

Уладзімір Арлоў “Пакуль ляціць страла”

Алесь Бяляцкі “Асвечаныя беларушчынай”

Сяргей Календа “Кантынентальны сняданак”

Наста Манцэвіч “Птушкі”

29 сакавіка 2013 

19.00

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і Кнігарня “логвінаЎ"

Мемуар-вечарына фэстывалю “Шэнгенка”

Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы, якая адбудзецца ў межах фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка”,  будуць прэзентаваныя наступныя кнігі:

Жо Лангерава.Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;

Ян Рознэр.Сем дзён да пахавання;

Імрэ Кертэс.Страчаны лёс;

Шандар Марай.Споведзь мешчаніна.

Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук.

Вядоўцы — Андрэй Хадановіч і Сяргей Сматрычэнка.

30 сакавіка 2013 

14.00

Кнігарня “логвінаЎ”

Кніжны ранішнік “Дзядзька Клікусь склікае сяброў”

Сусветнавядомы казачнік, дзядзька Клікусь (Алег Старынчык), па дарозе з Парыжу ў Нясвіж, завітае на сваім вужаку ў кнігарню “логвінаЎ” і зладзіць кніжны ранішнік для дзетак.

У гастрольнай  праграме: цікавыя і смешныя казачкi, баечкi, вершыкі, а таксама займальныя гісторыйкі. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце!  Каб вы сагрэліся, мы пачастуем вас гарбаткай і печывам.

 

Шчыра запрашаем!