Падзеі
10 – 17 снежня 2016

Праграма публічных мерапрыемстваў выставы «Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псіхіятрычных пацыентаў у Беларусі (1941-1944)»

10 снежня 2016 года, 17-00 (галерэя «Ў») – круглы стол «Медычная этыка і псіхіятрыя пасля Другой сусветнай вайны» з удзелам прадстаўнікоў Беларускай медычнай акадэміі падыпломнай адукацыі, РНПЦ псіхічнага здароўя. Мадэратар – Вольга Шарага (ECLAB).

У міжваенны перыяд і ў перыяд Другой сусветнай вайны актыўна шырацца ідэі, што прывялі да прымусовай стэрылізацыі і масавых забойстваў псіхіятрычных пацыентаў. Наколькі ўлічваецца сёння гэты траўматычны досвед Другой сусветнай вайны ў медычнай этыцы і псіхіятрыі?

Якія новыя праблемы медычнай этыкі і псіхіятрыі існуюць у свеце і ў сучаснай Беларусі, як яны развязваюцца ў адукацыйнай і медычнай практыцы, валанцёрскіх праграмах і ў іншых абласцях скрыжавання медыцыны, псіхіятрыі і грамадства?

Гэтыя і іншыя пытанні абмяркуюць удзельнікі круглага стала «Медычная этыка і псіхіятрыя пасля Другой сусветнай вайны», які пройдзе 10 снежня ў 17-00, у галерэі «Ў”, у рамках выставы “Ад дэгуманізацыі да забойства: лёсы псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941-1944 гг.)».

У круглым стале возьмуць удзел – дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі, к.м.н. Алег Айзберг (Беларуская медычная акадэмія паслядыпломнай адукацыі), д.ф.н., рэгіянальны эксперт ЮНЭСКА па пытаннях біяэтыкі Таццяна Мішаткіна (вядучы навуковы супрацоўнік Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава), намеснік старшыні Нацыянальнай камісіі па біяэтыцы Рэспублікі Беларусь, да.м.н., дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі і намеснік старшыні Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Яўген Ласы (БелМАПО), псіхолаг псіханеўралагічнага дома-інтэрната № 3 і куратар валанцёрскіх праграм Дар'я Яскевіч.

Мадэратарка круглага стала – кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі, філосаф, к.ф.н. Вольга Шпарага.

12 снежня 2016 года, 19-00 (галерэя «Ў»)– публічная лекцыя Андрэя Замойскага (Інстытут ім. Фрыдрыха Мэйнеке Вольнага Ўніверсітэта ў Берліне) «Гісторыя яўгенікі ў Еўропе ў 1918-1945 гг.». Мова лекцыі - руская.

У лекцыі будуць пададзены асноўныя тэндэнцыі распаўсюджвання яўгенічных ідэй і развіцця яўгенічных рухаў у шэрагу еўрапейскіх краін пасля перыяду Першай сусветнай вайны: спецыфіка развіцця яўгенічных рухаў у розных краінах Еўропы, а таксама прычыны іх папулярнасці.

Апісанне гістарычнага кантэксту развіцця ідэй яўгенікі дапаможа зразумець прычыны падзення ролі яўгенікі ў навуковым і грамадскім жыцці пасля Другой сусветнай вайны, у тым ліку і пасля злачынстваў нацыстаў у Германіі і на акупаваных тэрыторыях. У лекцыі будзе накіравана ўвага і на беларускія прыклады развіцця яўгенічных ідэй і праектаў.

Пра лектара - Андрэй Замойскі (нарадзіўся ў 1977 г. у Мінску), гісторык, доктар гуманітарных навук (Польшча). У перыяд 2014-2016 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута ім. Фрыдрыха Мэйнеке Вольнага Ўніверсітэта ў Берліне. Займаецца праблемамі гісторыі габрэяў Расійскай імперыі і СССР, гісторыі медыцыны, гісторыі Першай сусветнай вайны, міжваеннага перыяду.

14 снежня 2016 года, 19-00 (галерэя «Ў») – кінапрагляд і дыскусія «Познесавецкі кінематограф пра ваенны посттраўматычны сіндром: “Сведка” Валерыя Рыбарава», мадэратарка і лектарка Вольга Раманава (ECLAB).

У 1985 годзе савецкія гледачы ўбачылі шокавую драму Элема Клімава “Ідзі і глядзі”, назва якой адсылала да Апакаліпсіса. Гэты фільм стаў лідарам савецкага кінапракату, яго ўспрымалі як “апусканне ў пекла”, “фільм-агонію”, паглядзець які трэба.

У гэтым жа годзе выйшла тэлестужка Валерыя Рыбарава “Сведка” («Беларусьфільм»). Тут дзеянне адбывалася ў першыя паваенныя гады. Галоўны герой – шаснаццацігадовы Коля Лецячка – ахвяра нацысцкага канцлагера, дзе праводзіліся медычныя эксперыменты над дзецьмі. Кульмінацыяй “Сведкі” стаў судовы працэс над паліцаямі, падчас якога да Колі вяртаюцца жудасныя ўспаміны пра перажытае.

Гэтыя дзве карціны шмат што яднае. Апроч таго, што дзеянне ў іх адбываецца на тэрыторыі Беларусі (БССР), а сюжэт заснаваны на кнігах беларускіх пісьменнікаў, у гэтых фільмах ёсць агульныя матывы. У кожным цэнтральнай фігурай з'яўляецца сведка-падлетак, такім чынам траўмаваны перажытым, што знаходзіцца на грані вар'яцтва.

Абедзве карціны ўяўляюць сабою новы спосаб казаць пра вайну як пра досвед дэгуманізацыі. Пры гэтым рэжысёры абралі розныя стратэгіі «візуальнай працы» з вайсковай траўмай – шокавае апусканне гледача ў траўматычны досвед у першым выпадку і жорсткае сацыяльнае даследаванне ў другім.

Як і за кошт чаго адбываецца перабудоўчае пераацэньванне вайсковай гісторыі ў гэтых фільмах? Чаму тут важная фігура сведкі? Ці можна скарыстаць панятак “праца з траўмай” у дачыненні да кожнага з гэтых фільмаў?

Запрашаем на інтэрактыўную лекцыю-дыскусію, якая будзе ўлучаць прагляд c каментарамі ключавых сцэн фільма “Сведка”, візуальны аналіз кінакадраў фільма “Ідзі і глядзі”, а таксама супольны пошук адказаў на шэраг актуальных даследніцкіх пытанняў.

Пра мадэратарку – к.ф.н. Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі, сфера даследніцкіх зацікаўленасцяў – гісторыя беларускага і савецкага кінематографа.

17 снежня 2016 года ў 19-00 (галерэя «Ў») – публічная лекцыя Роберта Парцэра («Tiergartenstrasse4Association» - Даследніцкі цэнтр па вывучэнні нацысцкіх вайсковых злачынстваў (Берлін, ФРГ) «Забойствы пацыентаў у Трэцім рэйху – удзельнікі, матывы і сродкі?». Мова лекцыі – нямецкая (з перакладам).

Якая матывацыя тых злачынцаў, хто прывёў у дзеянне выключны механізм злачынстваў нацыянал-сацыялістычнай дзяржавы, што забівае сваіх самых неабароненых грамадзянаў? У фокусе ўвагі лектара – тыя, хто былі ахвярамі, а таксама змаганне тых, кто выжыў і сваякоў ахвяр за прызнанне і кампенсацыю пасля 1945 г.

Пра лектара - Роберт Парцэр (нарадзіўся ў 1980 г. у Аўстрыі), вучыўся на праграме «польскіх даследаванняў» у Берліне і Патсдаме, працаваў у Інстытуце сучаснай гісторыі ў Мюнхене, Мемарыяле забітым габрэям Еўропы і ў «Tiergarten4Association» - цэнтры па даследаванні вайсковых злачынстваў нацыстаў (Берлін). Працуе над доктарскай дысертацыяй «Нацысцкія злачынствы па эўтаназіі ў акупаванай Польшчы».