Сябры галерэi
  • Art Mode Style
  • Little Greene
  • Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры
  • Red Graphic
  • Art Activist
  • pARTisan
  • ECLAB
Падзеі

Curator’s Talk "Даступнасць арт-інстытуцый у Мінску"


Curator
s Talk 

«Даступнасць арт-інстытуцый у Мінску »

25 чэрвеня (панядзелак) 19:00

Сустрэча з куратарскай групай праекта «Без выключэнняў! У працэсе» ў складзе Міхаіла Гуліна (Мінск) і Элтаджа Зейналава (Баку)

З моманту ўзнікнення першых еўрапейскіх музеяў яны задумваліся як публічныя інстытуцыі, то бок даступныя ўсім і кожнаму, незалежна ад полу, узросту і сацыяльнага статусу, «храмы мастацтваў», дзе любы ахвотнік можа далучыцца да прыгожага. Наколькі атрымалася ажыццявіць адкрытасць музейных інстытуцый? Як змяніўся панятак публічнасці і даступнасці сучасных музеяў ды іншых культурных інстытуцый? І чаму «храмы мастацтва» у Беларусі паводле ўзроўню даступнасці застаюцца прасторамі не для ўсіх?

У рамках праекта «Без выключэнняў! У працэсе» куратары Міхаіл Гулін (Мінск) і Элтадж Зейналаў (Баку) пра падтрымцы каманды валанцёраў (Мэры Жыляніна, Аляксандра Гароднікава, Ганна Сцяпанава, Юлія Лаўранкова, Ева Пуціла, Юлія Лісецкая, Таццяна Грышан), сумесна з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў па абароне правоў людзей з інваліднасцю правялі пілотнае даследаванне-інтэрвенцыю на прадмет даступнасці сямі найбольш папулярных арт-інстытуцый у горадзе Мінску.

1. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
2. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
3. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
4. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
5. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
6. Палац мастацтваў
7. Галерэя "Арт-Беларусь"

Фінальнай кропкай маршруту куратарскай і даследчыцкай групы праекта «Без выключэнняў! У працэсе» стане сама галерэя «Ў», якае адчыніць свае дзверы ў абноўленай прасторы 22 чэрвеня 2018 года. 

Элтадж Зейналаў: «Цягам апошніх трох тыдняў, якія я правёў у Мінску, у мяне атрымалася пабываць у шматлікіх музеях і галерэях. Я шмат стасаваўся з людзьмі, якія маюць тыя ці іншыя абмежаванні, назіраў за тым, наколькі ім зручна перасоўвацца па горадзе, наведваць кавярні, крамы, выставы. Сітуацыя ў Мінску і Баку ў шмат чым падобная. На пытанне «Наколькі камфортна чалавеку на вазку ў сучасным горадзе?» можна адказаць адназначна: «Аніяк». Пандусы для вазочнікаў часта выкананы не паводле стандартаў, людзі ўсё яшчэ ахопленыя ўладай стэрэатыпаў у сваім дачыненні да інвалідаў. Каб сітуацыя змянілася да лепшага, я думаю, кожны мае праяўляць сваю актыўнасць, асабліва маладое пакаленне, якое, па вызначэнні, адкрытае любым навацыям, любым практыкам, людзям з любымі асаблівасцямі».

Міхаіл Гулін: «Мы пабывалі ў сямі мінскіх культурных інстытуцыях са своеасаблівай інтэрвенцыяй. Не дамаўляючыся загадзя, проста сабраліся суполкай сяброў, у якую ўваходзілі мы з Элтаджам і нашы калегі з ментальнымі і фізічнымі абмежаваннямі, а таксама з абмежаваннямі па слыху. Што можна сказаць: дзесьці нам аказвалі рэальную дапамогу, і, нават нягледзячы на адсутнасць элементарных пандусаў, былі гатовыя падняць на сваіх руках. У іншых месцах мы проста не маглі прыпаркавацца, таму што «храмы мастацтва» ў нас суседнічаюць з гіпермаркетамі, дзе паркоўкі для інвалідаў традыцыйна занятыя зусім не інвалідамі. Але апафеозам стаў галоўны музей краіны, дзе мы не здолелі дабрацца нават да касы, бо ўвязнулі ў праходзе паміж уваходнымі дзвярыма і лесвіцай». 

Чакаем вас 25 чэрвеня (панядзелак) а 19:00

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Адрас: вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з двара з боку вул. Леніна)

Уваход па квітках