Падзеі

Трэнінг "Азбука інклюзіўнага ўзаемадзеяння"

27 чэрвеня (серада)

Навучальны семінар для працаўнікоў арт-інстытуцый «Азбука інклюзіўнага ўзаемадзеяння»

У сацыяльнай прасторы панятак інклюзіі часта пачынаецца і заканчваецца на моманце ўсталявання тэхнічных элементаў, прызначаных дапамагаць людзям з інваліднасцю (пандусаў, паказальнікаў з напрамкамі руху). Але значна больш істотнай з’яўляецца наша ўзаемная камунікацыя, якая патрабуе ведання некаторых важных асноў дзеля спрыяння больш паспяховаму ўзаемадзеянню і ўзаемаразуменню. 

У межах навучальнага семінара «Азбука інклюзіўнага ўзаемадзеяння» трэнеры па інклюзіі Таццяна Грышаль і Ірына Куксік распавядуць пра тое, як правільна і карэктна стасавацца з людзьмі, якія маюць тыя ці іншыя асаблівасці, што мусіць уключаць у сябе інклюзіўнае асяроддзе таго ці іншага музея, галерэі альбо іншай мастацкай прасторы і як засцерагчы сябе ад небяспекі прыкрых памылак у камунікацыі.

Мэта семінара-трэнінга: павышэнне дасведчанасці ўдзельнікаў пра розныя віды інваліднасці і існуючыя стэрэатыпы ў дачыненні людзей з інваліднасцю, фарміраванне ўяўленняў аб найлепшым узаемадзеянні і камунікацыі з людзьмі з інваліднасцю з улікам іх патрэбаў.

Да ўдзелу запрашаюцца працаўнікі мастацкіх і культурных інстытуцый Мінска, а таксама ўсе, хто хацеў бы зрабіць сацыяльнае гарадское асяроддзе больш інклюзіўным.

Ірына Куксік – трэнер па інклюзіі, эргатэрапеўт. Кіраўнік праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю».

Таццяна Грышан – трэнер па інклюзіі. Кіраўнік праекта «Усе свае ў кавярні».

Пачатак семінара аб 11:00.

Адрас: Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19