Распечатано: 27.06.2019 04:59:48
http://ygallery.by/events/0012174/

Адкрытая дыскусія «Як працаваць з памяццю ў прасторы выставы?»30 лістапада 2018

30 лістапада, 19:00
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
«Як працаваць з памяццю ў прасторы выставы?»
artist talk і адкрытая дыскусія 

Вымаўляючы слова «памяць» мы маем на ўвазе нешта блізкае, зразумелае, але адначасова цьмянае і расплывістае. Ці з'яўляецца праўдай тое, што мы памятаем? І ці роўная памяць гісторыі? Чаму памяць практычна аніяк не звязана з мінулым? І галоўнае, чаму яна настолькі важная ў пераломныя моманты гісторыі – пра гэта пойдзе гаворка ў гутарцы ўкраінскай куратаркі і даследчыцы культуры Асі Цысар. 

Падчас першай часткі гутаркі на прыкладзе сучаснай культурнай сітуацыі ва Украіне, а таксама сваёй працы з тэмамі дэкамунізацыі, найноўшай украінскай гісторыі і памяці ў прасторы горада Ася распавядзе пра розныя аспекты працы з тэмай памяці ў грамадстве, стратэгіі працы з кантэкстам горада, а таксама пра выкарыстанне гэтых прыёмаў падчас канструявання прасторы выставы, 

Другая частка сустрэчы будзе ўяўляць сабой адкрытую дыскусію аб падаванні памяці пра ключавыя падзеі найноўшай гісторыі Беларусі мастакамі і мастачкамі выставачнага праекта ZBOR In Progress. Разам з Асяй спікеркай выступяць арт-дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Ганна Чыстасердава і мастацтвазнаўца, куратарка суправаджальнай праграмы выставачнага праекта ZBOR. In Progress Сафія Садоўская.

Ася Цысар – куратарка і даследчыца, заканчвае дысертацыю аб праблеме памяці ў прасторы постсавецкіх гарадоў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сузаснавальніца і куратарка выставачных праектаў у даследчым згуртаванні «Buro 90». Жыве і працуе ў Харкаве, Украіна.

Ганна Чыстасердава – арт-дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва «Ў»
 
Сафія Садоўская  – мастацтвазнаўца, куратарка суправаджальнай праграмы выставачнага праекта ZBOR. In Progress

Дадзенае мерапрыемства адбудзецца ў межах міжнароднай платформы "АРТ ПРОСПЕКТ", праграмы мастацкіх рэзідэнцый для мастакоў з 10 постсавецкіх краін.