Выставы
26 траўня - 16 чэрвеня 2010 | Аляксандр Некрашэвіч

Персанальная выстава ”Богі і героі”

Экспазіцыя выставы

Выстава Некрашэвіча Богі і героі

26 траўня - 16 чэрвеня 2010

Персанальная выстава Аляксандра Некрашэвіча "Богі і героі"

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў"

Паміж мастацтвам мінулага і будучыняй, паміж арыгіналам і фантазіяй...

Ці задумваемся мы над тым, як менавіта змяняецца сітуацыя разумення мастацтва са зменай тэхналогій, сусветнай геаграфіі, з працэсамі глабалізацыі?

Свет становіцца іншым, мяняюцца сродкі і задачы мастацтва.

Выстава Аляксандра Некрашэвіча "Богі і героі" якраз і дэманструе змену стаўлення да тых асноў, якія на працягу стагоддзяў фарміравалі добра знаёмую нам традыцыю класічнага мастацтва. Менавіта фіксацыя моманту змянення і робіць выставу А. Некрашэвіча сучаснай, бо дазваляе па-новаму раскрыць патэнцыял сучаснага мастацтва, свабоднага ад строгай эстэтычнай іерархіі.

Лёгка распазнавальныя вобразы работ А. Некрашэвіча, выкананых у тэхніцы аэраграфіі на алюмініевай паверхні, пакрытай аўтамабільным лакам, прымушаюць задумацца пра тое, наколькі наша ўспрыманне свету залежнае ад сістэмы вобразаў, якія існуюць вакол нас і пануюць у грамадстве.

Са з’яўленнем сродкаў капіравання каштоўныя карціны — высокія ўзоры мастацтва — былі масава растыражаваныя, дзякуючы чаму адбылася дэмакратызацыя мастацтва. Цяпер Мона Ліза і Геракл, гэтаксама як і героі і гераіні масавай культуры Бэтмэн і Мадонна, могуць на аднолькавых правах вісець у кожным памяшканні. Усе гэтыя вобразы, якія мы разумеем як выявы, фарміруюць наша суб’ектыўнае ўспрыманне свету. Цяпер кожны можа радасна распазнаць вядомае: дзіця, дарослы, інтэлектуал і мінак.

З аднаго боку, А. Некрашэвіч узнаўляе фрагменты (галовы) музейных арыгіналаў Джаконды Леанарда да Вінчы ("Партрэт спадарыні Лізы Джаконды Мона Ліза", 1503–05), Афрадыты Сандра Батычэлі ("Нараджэнне Венеры", каля 1485), Геракла Фарнезе (рымская праца эпохі імперыі IV ст. да н. э.), Гаргуллі, якая ўпрыгожвае сярэднявечны храм, і г. д. Тым самым ён паказвае на захоўванне культу ўзвышанага класічнага мастацтва: мы ж ведаем, што яно ёсць і што яно каштоўнае.

З іншага боку, мастак паўтарае выявы вядомых серый коміксаў кампаніі Marvel (па-ангельску marvel — цуд): "Неверагодны Халк", "Бэтмэн" — і фотавыявы медыявобразаў Мадонны, Ксюшы Сабчак, Гары Потэра і г. д. Гэта паказвае на сувязь мастацтва мінулага і сучаснага і на ўплыў масавай культуры на мастацтва.

У выніку ў Аляксандра Некрашэвіча атрымліваецца серыя работ-клішэ, "вобразаў-для-паўтарэння" або прыснёных вобразаў (як у Фрэйда ў "Тлумачэнні сноў"), якія паўтараюць нейкі сімптом ці эфект. Вальтэр Беньямін і Ханна Арэндт маглі б назваць гэта эфектам vita activа, дзейнага жыцця, які супрацьстаіць рацыянальнаму парадку вытворчасці; жыццём, якое кідае выклік форме.

Мастак А. Некрашэвіч не выпрацоўвае новыя выявы, як гэта рабілі мастакі мінулага. Ён робіць відавочным тое, што ў свеце сучасных медыявобразаў, вобразаў ТБ, кінематографа, Інтэрнэту кожны вобраз, які мы маем у выглядзе выявы, узнаўляльны. Аднак узнаўленне не азначае другаснасці, бо абапіраецца на адмысловае дачыненне мастака з арыгінальнымі творамі "высокага мастацтва", уступіць у якое цяпер з’яўляецца шанц і ў гледача.