BECOMING AN ARTIST. Станаўленне ў чатырох гісторыях
22 — 27 верасня 2013
Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" прадстаўляе
BECOMING AN ARTIST. Станаўленне ў чатырох гісторыях
На працягу тыдня ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў" — куратарскі праект-даследванне "BECOMING AN ARTIST. Станаўленне ў чатырох гісторыях".
Чатыры маладых мастака: Яўген Шадко, Алеся Жыткевіч, Анро і Аляксей Дрэва прадстаўляюць жывапіс, інсталяцыі і аўдыё-аб'екты, галоўнай тэмай якіх сталі разважанні наконт мастацкага станаўлення аўтараў і фенаменалагізацыі гэтага працэса.
"BECOMING AN ARTIST" з'яўляецца часткай "Тыдня сучаснага мастацтва ў Мінску" (20-29 верасня 2013), які праводзіцца ў рамках праекта "На шляху да сучаснага музея". Больш падрабязна пра "Тыдзень" на сайце http://www.na-puti.eu
Падчас працы экспазіцыі існуе магчымасць замовіць прыватную экскурсію па выставе з куратарам праекта і прыняць ўдзел у выніковай дыскусіі "10,5 фенаменаў мастацтва", якая адбудзецца 29 верасня ў 13:00.
Куратар праекта Наталля Гарачая
BECOMING AN ARTIST. Кантэкстуалізацыя
Да агляду прадстаўлена другая частка з трох куратарскіх пректаў*, якія звяртаюць увагу на спецыфіку сітуацыі ў сучасным маладым беларускім мастацтве. Праект робіць акцэнт на праблеме пазіцыянавання маладога аўтара ў будзеных арт-з’явах краіны і наваколля праз прызму самаідэнтыфікацыі майстра.
BECOMING AN ARTIST. Ідэнтыфікацыя
У бясконцым пошуку актуалізацыі паняцце самаразумення мастака ператварылася ў стыгмы, у гэтакае таўро для маладых аўтараў. Можна прасачыць сімптаматыку рашэнняў ўдзельнікаў праекта, іх рэакцыі на болевыя працэсы часу ды скіравацца да пытання ідэнтычнасці ў рамках звыклай сістэмы каштоўнасцей. Вобраз часу, узаемаадносіны мастака з культурай, гісторыяй, яго дыялогі з грамадствам і дзяржавай – усе, што нейкім чынам спрыяла ці замінала станаўленню мастака-асобы – з’яўляюцца асноўнымі героямі праекта.
BECOMING AN ARTIST. Фіксацыя і дакументацыя
Праект спрабуе дакументаваць мастацкія працэсы. І гэтая спроба адбываецца з нуля, бо абапіраецца адно на ўласны досвед мастака і самаадукацыю, адмаўляе стэрэатыпам і “аджыўшым” паняццям. Пры пасіўнасці арт-інстытуцый краіны, а таксама ў сітуацыі нястэчы прафесіянальных даследчыкаў (адной з функцый якіх з’яўляецца фіксаванне і архівацыя мастацкіх працэсаў), мастак пачынае вывучаць сам сябе, задаваць пытанні і падымаць праблему неназванасці рэчаў і з’яў. Па сутнасці, гаворка ідзе пра чарговую ролю ў шэразе сама-вызначэнняў мастака: сам сабе мэнэджар, калекцыянер, куратар, крытык. Усе гэтыя ролі з’яўляюцца вымушанымі на цаліне беларускай арт-глебы.
BECOMING AN ARTIST. Фенаменалагізацыя
У першую чаргу, праект быў створаны ў імкненні адказаць на пытанне шэраговага гледача: хто такі мастак? У спробе пазбавіцца неартыкуляванасці, нерэфлексіўнасці і адсутнасці разумення сучаснага арт-вектара, праект прысвячаецца апісанню базісных працэсаў, узаемасувязяў ды ўзаемавыключэнняў актуальнага мастацтва, якое ў рамках краіны замкнулася ў лакальнасці эстэтычнага і мае патрэбу дыялога мастак-глядач.
*”Структурызацыя”,травень 2013, галерэя сучаснага мастацтва Ў; “Тэорыя адкрытай сістэмы”, распрацоўваецца
Адкрыццё выставы адбудзецца 22-га верасня а 15-ай гадзіне
Уваход вольны
Шчыра запрашаем!