Выставы
5 – 30 красавіка 2016 | Выстава, лекцыі, кінапаказы

Праца адным кадрам. Праект Анце Эман і Харуна Фарокі

Экспазіцыя праекта

5 – 30 красавіка 2016

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і Інстытут імя Гётэ ў Мінску ў межах фестываля Artes Liberales прадстаўляюць

Праца адным кадрам. Праект Анце Эман і Харуна Фарокі

Адкрыццё: 5 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне

Куратарка – Лена Прэнц

“Першая камера ў гісторыі кінематаграфіі была накіравана на фабрыку” – адзначаў некалі Харун Фарокі, выдатны нямецкі кінатворца. Ён меў на ўвазе дакументальную стужку братоў Люмьер "Выхад рабочых з фабрыкі" 1895 г. Сам Фарокі неаднаразова звяртаўся да працы, дакладней, да яе відазмянення ў сучасных грамадствах і тэхналогіі яе рэпрэзентацыі. “Праца адным кадрам” (2011 – 2014 гг.) стала апошнім буйным праектам рэжысёра. Харун Фарокі правёў сумесна с мастачкай і куратаркай Анце Эман майстар-класы ў 15 гарадах свету. Іх удзельнікі, маладыя кінематаграфісты, пастараліся перадаць у сваіх кароткіх стужках сутнасць сённяшняй працы – матэрыяльнай і нематэрыяльнай, аплачванай і неаплачванай, традыцыйнай альбо ўзніклай толькі ў апошнія гады. Фармальныя патрабаванні былі два: усе фільмы знятыя адным кадрам, без мантажнай склейкі, і працягваюцца не болей за дзве хвіліны. Так узнікла своеасаблівая энцыклапедыя глабальных працоўных працэсаў.

На выставе ў галерэі “Ў” прадстаўлена падборка болей за 60 фільмаў з васьмі гарадоў свету. Інсталяцыя выставы дае ўяўленне пра тое, што “Праца адным кадрам” не з‘яўляецца наборам разрозненых твораў, а стварае шчыльную сетку розных суадносін. Адзін фрагмент тлумачыць іншы, дапаўняе альбо каментуе яго.

Анце Эман Antje Ehmann – мастачка, куратарка і аўтарка, жыве у Берліне.

Харун Фарокі Harun Farocki (1944-2014) быў рэжысёрам, драматургам, медыя-мастаком і аўтарам. Рэалізаваў больш за 90 фільмаў, у якіх звяртаўся да механізмаў улады і магчымасцяў вобраза. Фарокі лічыцца адным з важнейшых прадстаўнікоў дакументальнай эсэістыкі ў кінамастацтве. У мінулым годзе у Берліне быў заснаваны "Харун Фарокі Інстытут", які мае на мэце даследаванні візуальнай і дыскурсіўнай спадчыны мастака, а таксама стварэнне новых праектаў па крытычным асэнсаванні візуальнай культуры.

У межах выставы “Праца адным кадрам” і фестываля Artes Liberales адбудуцца наступныя мерапрыемствы:

6 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне

Сустрэча з мастачкай Анце Эман (Германія)

“Драматургія аднаго кадра, альбо Як распавесці гісторыю за дзве хвіліны адным планам без мантажа”

Лекцыя з паказам фрагментаў фільмаў і размова з публікай на англійскай мове з перакладам.

Мадэратарка – Лена Прэнц.

фотастужка

7 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне

Лекцыя Ёанны Сакалоўскай, куратаркі Мастацкага музея ў Лодзі (Польшча)

Joanna Sokołowska, Muzeum Sztuki w Łodzi

“Мастацкая практыка як сродак пазнавальнай картаграфіі і кампазіцыі хаоса”

Ёанна Сакалоўская запазычвае метад “кагнітыўнай картаграфіі” Фрэдрыка Джэймісана Fredric Jameson, каб вызначыць магчымасці куратарскай і мастацкай працы ў сучасных грамадствах позняга капіталізму.

Лекцыя і размова з публікай на англійскай мове з перакладам. Мадэратарка – Лена Прэнц.

фотастужка

15 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне

Фільм Сафіі Табатадзэ "Пірымзэ" і размова з мастачкай праз скайп (Германія/Грузія)

Фільм апавядае пра тбіліскі Дом бытавых паслуг "Пірымзэ" зыходзячы з асобы самаго будынка – ад савецкага мінулага унікальнага архітэктурнага праекта і ідэі “добрых паслуг пад адным дахам” праз махінацыі пераходнага перыяду да непрадказальнай будучыні працы майстроў.

Фільм на грузінскай мове з рускімі субтытрамі. Мадэратар – Кірыл Калбаснікаў.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

"Праца адным кадрам" і ўсе суправаджальныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску у межах фестываля Artes Liberales. Фокус фестывалю ў 2016 г. – “Паэтыка працы”