Выставы
11 кастрычніка — 8 лістапада 2016

Рэтраспектыўная выстава фатографа Валерыя Кацубы “Восем гісторыяў”

Экспазіцыя выставы

11 кастрычніка — 8 лістапада 2016

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Валерый Кацуба “Восем гісторыяў”

Куратарка выставы: Ганна Шпакава

У кастрычніку Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прадставіць першую ў Беларусі рэтраспектыўную выставу фатографа Валерыя Кацубы. У мінулым месяцы некалькі прац фотамастака ўвайшлі ў пастаянную калекцыю адной з найвядомейшых інстытуцый мастацтва – Цэнтр Джоржа Пампіду ў Парыжы, а цяпер абраныя фотасерыі гэтага аўтара можна пабачыць і на яго радзіме.

Валерый Кацуба, фотамастак, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе і Мадрыдзе. Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы пад Мінскам. На сваёй першай выставе на радзіме пакажа найлепшыя працы з васьмі праектаў (2000–2016), якім уласцівая наратыўнасць, і таму іх можна “чытаць” як аповеды ці гісторыі. У выставу ўвойдуць працы, паказаныя раней у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у Рускім музеі Пецярбургу, у Círculo de Bellas Artes у Мадрыдзе і ў Мультымедыйным музеі сучаснага мастацтва ў Маскве.

Мінскі глядач зможа ўбачыць і ацаніць герояў гісторыяў Валерыя Кацубы – лятучых гімнастаў Масквы (“Паветраны палёт”), танцораў Марыінскага тэатру, дужаннікаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора (“Фізкультура”), студэнтаў ды іхных мадэляў з Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбургу (“Праз 100 гадоў”) і пабуджаных ранішнім святлом сяброў фотамастака ў Лондане, у Нью-Ёрку, Сант’яга-дэ-Чылі (“Ранак”) ды, вядома, у Санкт-Пецярбурзе. Пецярбургскія сябры сфатаграфаваныя на загарадных пікніках (“Поры года. Мае сябры”). Сярод іх Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Юрый Вінаградаў, Бэла Матвеева, Вольга Табрэлутс, Паліна і Марк дэ Маўні, Яўгеній Сарокін. У выставу ўвойдуць таксама дзве “гісторыі”, расказаныя разам з Уладзікам Манро (“Усялякая жарсць сляпая і шалёная”, “Метамарфозы манарха”), фатаграфіі на матывы народных казак і нешматлікія са знятых у Беларусі (“Удалечыні ад дому”).

Адкрыццё выставы адбудзецца 11 кастрычніка ў 19:00. Уваход на адкрыццё выставы вольны.

Уваход на выставу: 2 рублі

Візуальная літаратура

З вялікім энтузіязмам мы прэзентуем рэтраспектыўную выставу Валерыя Кацубы “Восем гісторый” – праект, пабудаваны на паяднанні ў галерэі прац, якія да гэтага не выстаўляліся разам у адной прасторы. Восем гісторый – восем візуальных аповядаў, напісаных аўтарам пры дапамозе Хасэльблада са стужкай – выбудаваныя ў індывідуальнай наратыўнасці і ў дыялогах адно з адным.

Пачаўшы працаваць са стужкавай камерай, а таксама даследуючы фатаграфічныя архівы к. XIX – п. XX ст., Валерый злучае ў сваіх працах не толькі традыцыі работы з класічнай аналагавай тэхналогіяй, але і традыцыі візуальныя і літаратурныя Расіі, Беларусі, пераплятаючы іх з сусветнымі. Глыбока натхнёны культурнай спадчынай Сервантэса, Чэхава і Пушкіна, Купалы, Маркеса і Лоркі, аўтар даследуе свае пачуцці і стасункі праз выяву і слова.

Як сапраўдны майстар, ставячыся да традыцый з павагай, ён свабодна запазычвае гістарычны візуальны слоўнік, узбагачае яго сучаснымі візуальнымі ўплывамі і адначасова інтэрпрэтуе пры дапамозе асабістай мовы. У стылістыцы яго прац ёсць намёкі на час і эпоху, але толькі намёкі – Валерый шукае сваю эпоху “залатога часу чалавецтва і культуры”, а мы гэтаму паддаёмся, запальваемся гэтымі вышукамі і, безумоўна, яго знаходкамі! Як сапраўдны аўтар, Валерый дэманструе мерную апавядальнасць рускай паэзіі. Яго працы рэфлексуюць на тэмы пейзажу, гарадскога і прыроднага, і герояў – іх стасункаў са светам, іх унутраных сувязяў з чалавецтвам і адно з адным. “Мяне заўсёды цікавіла адносная нязменлівасць пейзажаў, – адзначае Валерый, –як прыродныя, так і архітэктурныя, – і гістарычныя эпохі, чалавечыя лёсы, твары, якія праходзяць цераз іх. Я прашу сваіх герояў спыніцца. І яны спыняюцца перад камерай нібы перад бясконцасцю часу і прасторы...”.

Героі ўсіх праектаў Валерыя не мадэлі, не выканаўцы роляў. Героі – людзі, якія граюць у жыцці Валерыя важную ролю – сяброў.

Старыя і выпадковыя знаёмыя, якія ўваходзяць у жыццё Валерыя надоўга, людзі, якіх вылучае вока і сэрца Валерыя, тыя, пра якіх ён “хоча нам распавесці і таму фатаграфуе”, можна назваць “лепшымі прадстаўнікамі” – “прыгожыя духам і гарманічныя целам”, у адбітых вобразах дэманструюць нам “веліч, прыгажосць і… далікатнасць”. Героі становяцца акцёрамі падчас фотарэканструкцыі, дзе гнутка лучацца класічная кампазіцыя, апавядальнасць і сэрца аўтара.

Яго фатаграфіі напоўнены пачуццём раўнавагі і дзіўнай гармоніяй, якая дасягаецца зернем стужкі, і зазямляе яго працы ў рэальнасці, злучаючы троху сюррэалістычнае з людскім. У выніку ствараецца эфект апавядальнасці і нават сінематычнасці, што выяўляе нешта новае ў знаёмых героях і месцах.

Рускую культуру лічаць літаратурнай, заходнюю – візуальнай. Працы Валерыя яднаюць абедзве якасці: усе яго фатаграфічныя творы абавязкова апавядальныя. Гэта не азначае, што сюжэтная лінія грунтуецца на прачытанні гледачом тэксту ці подпісаў да прац – фатаграфіі настолькі нюансаваныя і поўныя алюзій, уважлівыя да дэталяў жыцця і чалавечых стасункаў, што мімаволі спараджаюць у нас, гледачах, рой успамінаў і асацыяцый – узрушваюць нашу ўласную тканку жыцця, ажыўляючы яе ўспамінамі і вострым адчуваннем сапраўднага.

Ганна Шпакава,

Масква – Мінск, 2016