Выставы
17 сакавіка - 5 красавіка 2017

Персанальная выстава мастака Юры Шуста ”Абсорбцыя”

Экспазіцыя

17 сакавіка - 5 красавіка 2017

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў"

АБСОРБЦЫЯ Юра Шуст

Куратар: Аляксей Барысёнак

18:00 17.03 / Лекцыя Аляксея Барысёнка "Зламаны рэбус Юры Шуста: пра люстэрка Нарцыса, тэхналогію і адчужэнне"

19:00 17.03 / Адкрыццё выставы

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" прадстаўляе персанальную выставу мастака Юры Шуста "Абсорбцыя".

Юра Шуст падымае ў ёй пытанні сувязі рытуалаў і міфаў з тэхнікай, навукай і бія-палітыкай. Мастак прадставіць новыя працы, якія раней не паказваліся ў Мінску. Выстава аб'яднае аб'екты, інсталяцыю, графіку і відэа з 2016-17 гг. Створаныя з тэхнагенных і паўсядзённых матэрыялаў, працы Шуста звяртаюць увагу на супярэчнасці сучаснасці: прагу да рацыянальнага пазнання і фетышызму, далучанасць да сучасных камунікатыўных сетак і архаічнае светаразуменне.

Творы мастака часта ўтрымліваюць метафары цякучасці, рухомасці і паўтарэння, якія могуць быць выкарыстаныя і для апісання сучасных працэсаў у грамадстве. Так, у працы "Лаўцы прывідных часціц" (2016) мастак злучае графічную мову сучаснай навукі з міфічнымі вобразамі і сімваламі штодзённасці: гравітацыйным полем Зямлі, келіхам шампанскага і савой Мінервы. Па словах Шуста, яго мастацкая практыка з'яўляецца "археалагічнай дэшыфроўкіай лічбавага чалавека". Тым самым яна звяртаецца да пытанняў будучыні: нарастаючай хуткасці камунікацыі і інфармацыйнай інтаксікацыі, тэхналагічнага і міфалагічнагага утапізму, які апраўляе веру ў неўміручасць.

Юра Шуст нарадзіўся ў 1983 годзе ў Маладзечне, Беларусь. З 2011 года ён прымае ўдзел у міжнародных праектах, такіх як "Opening the Door? Belarusian Art Today" у Цэнтры сучаснага мастацтва СAC (Вільня, Літва, 2010) і "Europe (to the power of) n" у Музеі сучаснага мастацтва GFZK (Ляйпцыг, Германія, 2012). У 2014 годзе Шуст атрымаў ступень магістра ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў Бельгіі КАSK ў Генце, а ў 2015 стаў намінантам прэміі "Coming People" музея сучаснага мастацтва S.M.A.K. (Гент, Бельгія). У 2016 годзе Шуст скончыў вышэйшы інстытут мастацтва HISK (Гент, Бельгія). На працягу апошніх 3-х гадоў актыўна выстаўляўся ў Бельгіі і іншых краінах Еўропы, а летам 2016 г. прадстаўляў Беларусь і Бельгію на V Маскоўскай біенале маладога мастацтва. Сёння работы Юры Шуста захоўваюцца як у прыватных, так і публічных калекцыях Бельгіі, уключаючы калекцыю музея сучаснага мастацтва S.M.A.K.

Галерэя выказвае падзяку за тэхнічнае партнёрства сеці крам "Техно Плюс" i "Е-Техно".