Выставы
9 – 26 траўня 2017

Персанальны праект Эндру Мікшыса “Цюльпаны”

Экспазіцыя

9 – 26 траўня 2017

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Персанальны праект Эндру Мікшыса “Цюльпаны”

9 траўня 19:00 / адкрыццё выставы 

10 траўня 19:00 / воркшоп Эндру Мікшыса пра саматужнае выданне фотаальбомных кніг: “Навошта і як фатографу саматужна выдаваць сваю фотакнігу?

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прадстаўляе персанальны праект Эндру Мікшыса “Цюльпаны”. Амерыканска-літоўскі фатограф упершыню наведаў Беларусь у 2009 годзе падчас святкавання Дня Перамогі. Адметна аздобленая сталіца і афіцыйныя святкаванні з дэманстрацыяй вайсковай тэхнікі, трактароў і парадам нагадалі мастаку іканаграфію маштабных відовішчаў савецкіх часоў. Наколькі скінуць вокам усюду красавалі чырвоныя цюльпаны. Іх колер і сімволіка хутка сталі тэмай для яго праекта. Фатограф зноў і зноў вяртаўся на Беларусь, папаўняючы сваю калекцыю здымкамі іншых дзяржаўных святаў. На ўскраінах афіцыйнай культуры ён шукаў асабістыя, прыватныя гісторыі, якія існуюць нібыта па-за ідэялогіяй. Менавіта таму пісьменнік Лайманас Брыедзіс (Laimonas Briedis) слушна заўважыў: “Фатаграфіі Мікшыса – гэта не столькі рэпартаж пра Беларусь у колеры ці архіў афіцыёзных забаваў. Гэта дыярама адзіноты свята.”

Для першай усёабдымнай выставы ў Беларусі Эндру Мікшыс створыць інсталяцыю фатаграфій і відэа, зробленыя па выніках сваіх вандровак на працягу пяці гадоў . Неад'емнай, але і самастойнай часткай праекта, з'яўляецца кніга мастака пад такой жа назвай - “Цюльпаны”, якая адлюстроўвае працэс паглыблення ў новы кантэкст, спробу яго разумення, а таксама візуалізацыі сваёй метадалогіі працы. У 2016 годзе “Цюльпаны” былі вылучаны куратарам фатаграфіі TATE Modern у Лондане Сайманам Бэйкерам сярод дзесяці найлепшых фотаальбомаў года.

Эндру Мікшыс нарадзіўся і вырас у Амерыцы. Яго бацька і дзядуля імігравалі з Літвы ў ЗША пасля другой сусветнай, а маці – амерыканка з украінскімі ды італьянскімі каранямі. Фатаграфіі Мікшыса дэманстраваліся на міжнародных выставах у Seattle Art Museum, Vilnius Contemporary Art Centre, Kaunas Gallery і De Apple Contemporary Arts Centre. Эндру Мікшыс атрымоўваў гранты ад Фонду Гугенхайма, Фулбрайт і фонда Aaron Siskind. Зараз Эндру Мікшыс жыве на два гарады, у Сіетле і Вільні. У Вільні мае сваё ўласнае выдавецтва ARÖK Books.

10 траўня, 19:00 адбудзецца воркшоп Эндру Мікшыса “Навошта і як фатографу саматужна выдаваць сваю фотакнігу?”

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Свет фота рэзка змяніўся ў апошнія гады у сувязі з выбухам саматужных кніг і стварэннем малых выдавецтваў. Некаторыя крытыкі гавораць нават пра "залаты век" фотакніг. Гэты зрух у кніжнай прадукцыі фотакніг сілкуецца этыкай “зрабі сам”, якая ўмагчыміла з’яўленне вялікай разнастайнасці кніг, зінаў ды іншых друкаваных матэрыялаў. Усё часцей фатографы абыходзяць бокам сістэму выдавецтваў, музеяў і галерэяў ды шукаюць альтэрнатыўныя сп

осабы распаўсюду сваёй працы і наўпроставых зносін з аўдыторыяй. Фотакнігі перамясціліся ў цэнтр сучаснай фатаграфіі, часта пераўзыходзячы выставы і вытворчасць тонкіх адбіткаў мастацтва. У выніку, для фатографаў становіцца ўсё больш важнай кваліфікацыя рэдакцыйнай працы, адбору, дызайну і нават збору сродкаў на самастойнае выданне сваіх кніг. Калі ўсе працоўныя працэсы канцэнтруюцца ў адных руках, гэта дае пачуццё свабоды, але таксама стварае новыя выклікі і неабходнасць атрымання ведаў у самых розных галінах.

Можа і ў вас ёсць ідэя апублікаваць сваю кнігу фатаграфіі або мастацтва? Пачатак можа быць пакладзены тут, на гэтым інтэнсіўным уступным семінары-воркшопе па публікацыі фотакніг. Асноўная ўвага будзе надавацца паляпшэнню ведаў удзельнікаў у сучаснай вытворчасці фотакніг і асновах рэдакцыйнай працы, дызайна, друку, фінансавання, маркетынгу і выбару матэрыялаў для сваёй фотакнігі. Эндру Мікшыс правядзе гэты семінар на прыкладах сваіх уласных фотакніг ды альбомаў іншых сучасных фатографаў.

Удзел у воркшопе платны

Кошт: 25 руб, студэнты – 15 руб.

Асабістая падзяка за дапамогу ў арганізацыі выставы Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі у Рэспубліцы Беларусь