Выставы
15 – 23 чэрвеня 2017

Выстава “Ціхі горад”

Экспазіцыя

15 – 23 чэрвеня 2017

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Выстава “Ціхі горад”

у межах праекта Doing Things Together

Мастакі:Bazinato (BY), Сібрыг Доктэр (SE), Сяргей Пятлюк (UA), Кацярына Радчанка (UA), Сaфія Садоўская (BY), Шыда Шахабі (SE)

15 чэрвеня 19:00 / адкрыццё выставы

Цішыня праяўляецца ў прасторы як нявыказанае і ўтоенае, як змоўчанае і схаванае далей ад вачэй, праяўляецца заглушанымі канфліктамі і нямым шумам. Нават моцныя гукі і галасы мякка абсарбуюцца цішынёй. Прастора цішыні дырыжуе рухамі, думкамі, размовамі ды паводзінамі людзей.

Ціхі горад аб’яднаў працы шасці мастакоў, ды выявіў розныя падыходы да наваколля галерэі. Мастакі даследавалі і спрабавалі пранікнуць у розныя аспекты і ўзроўні жыцця людзей, якія працуюць ці пражываюць у гэтай зоне ды рухаюцца ў ёй, ці праз яе.

Раскінутыя ў часе і прасторы працэсы цяпер скандэнсаваныя тут, у галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, дзе яны праяўляюцца калекцыяй работ з выкарыстаннем розных медыя. Выстава адлюстроўвае цішыню, пустэчу ды іх супрацьлегласці; вымалёўваецца на размытых межах, дзе прыватнае становіцца публічным; прапаноўвае новае нутраное разуменне раёна.

Праект “Doing Things Together” — гэта ініцыятыва Lava-Dansproduktion (SE) ў супрацоўніцтве з арт-цэнтрам “Фабрыка павідла” (Львоў, UA) і Галерэяй сучаснага мастацтва “Ў” (Мінск, BY).

Шэсць мастакоў з Украіны, Беларусі і Швецыі супрацоўнічалі і стваралі выказванні, падзеі і майстар-класы для людзей, якія жывуць у раёнах вакол арт-цэнтра “Фабрыка павідла” і Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

Мы, мастакі і куратары праекта, бачым культурную дзейнасць, як спосаб фармавання прасторы – прасторы, што выкарыстоўваецца і належыць кожнаму з мясцовых жыхароў. Месца заўжды характэрызуецца фізічнымі складальнікамі — памерам, маштабам, фактурай, вышынёй сценаў і столяў, колькасцю памяшканняў, умовамі асвятлення, тапаграфічнымі асаблівасцямі і гэтак далей. Але тое, што робіць месца прасторай, і ёсць галоўнае. Прастора ствараецца рухамі ды ўзаемадзеяннем людзей міжсобку.

Каб выкарыстоўваць свабодна і ў поўнай меры грамадскую прастору, яе трэба ўспрымаць незалежна ад дырэктыўнай улады. Грамадзяне павінны засвоіць гэту прастору, каб у поўнай меры ўдзельнічаць у грамадзянскай супольнасці. З дапамогай гэтага праекта мы хацелі стварыць сувязі паміж кварталамі, іх жыхарамі і мастацкімі інстытуцыямі, што знаходзяцца ў гэтых кварталах.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” 15 чэрвеня а сёмай вечара.

Уваход вольны

Удзельнікі праекта:

Кацярына Радчанка — куратарка, фатографка, даследчыца фатаграфіі. Дырэктар фестывалю Odesa//Batumi Photo days (thephotoday.org). Фатаграфію вывучала на розных праграмах і ў мастацкіх рэзідэнцыях: Gaude Polonia — куратар Адам Мазур (Варшава, PL), Музей фатаграфіі (Сан-Дыега, USA), Villa Arson (Ніца, FR). Была куратаркай - ў Стакгольме (SE) і ў праграме “Куратарская платформа” PinchukArtCentre (Кіеў, UA).

Сібрыг Доктэр — харэографка і выканаўца ў галінах сучаснага танца, выяўленчага мастацтва і сучаснага тэатра. Грунтуе свае працы на цялесным досведзе, карыстаецца рознымі мастацкімі сродкамі [медыя]. Пачынаючы з 1995 года ініцыюе міжнародныя праекты, у тым ліку ў Малдове, Эстоніі, Беларусі і Украіне. У 1997 годзе разам з Бэнно Воорхам заснавала арганізацыю Lava-Dansproduktion. З 2004 года працавала з Ганнай Кох у шэрагу праектаў на платформе Weld (weld.se) у Стакгольме. Таксама супрацоўнічала з Пітэрам Стамерам (DЕ), Саскіяй Холмквіст (SE), Айтана Кардэра Віка (ES).

Шыда Шахабі — кампазітарка і саўнд-артыстка, жыве і працуе ў Стакгольме (SE). Атрымала адукацыю ў Каралеўскім інстытуце мастацтваў (Стакгольм, SE). З 2012 года працуе ў галіне гукавога мастацтва. Вядомая сваімі лакалізаванымі [упісанымі ў прастору] гукавымі інсталяцыямі; праводзіла майстар-класы для дзяцей па будаванню гукавых электронных прыбораў ды імправізацыі. Мастачка грае ў розных калектывах і піша як самастойную музыку, так і партытуры для танца, кіно і тэатра.

Сяргей Пятлюк — медыямастак. Працуе ў розных жанрах: інсталяцыя, відэаінсталяцыя, новыя медыя, жывапіс. Даследуе ўзаемадзеянне цела і навакольнай прасторы, як фізічнай, так і інфармацыйнай. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў мастацкай фармацыі КОМА. Жыве і працуе ў Львове. Bazinato — аўдыёвізуальны мастак і даследчык, грамадскі і экалагічны актывіст, папулярызатар сучаснага мастацтва. Даследуе свет, яго макра- і мікраструктуры, патэрны і сувязі. Прапаноўвае ўздзейнічаць на асяроддзе, прастору і час, ужываючы ў сваіх эксперыментах усе даступныя практыкі мастацтва і навуковыя веды.

Сафія Садоўская — мастацтвазнаўца, асветніца, куратарка. З 2012 года каардынуе адукацыйныя праграмы дзіцячых творчых майстэрняў галерэі "Ў", суаўтарка кнігі для дзяцей "Мастацтва Беларусi ХХ стагоддзя". Аўтарка гульнявой праграмы для дзяцей "Прывітанне, музей!" Нацыянальнага мастацкага музея РБ. Сукуратарка праекта "EVAA project" (2012-2017), што сумяшчае практыкі экалагічнага актывізму і сучаснага мастацтва.