Выставы
9 – 30 жніўня 2018

Персанальная выстава Уладзіміра Грамовіча «Калі камяні знаходзяцца на ўзгорку, гарматныя ядры ляжаць на абочыне»

9 — 30 жніўня 2018
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Персанальная выстава Уладзіміра Грамовіча
«Калі камяні знаходзяцца на ўзгорку, гарматныя ядры ляжаць на абочыне»*

Куратар: Аляксей Барысёнак

9 жніўня 19:00 / Адкрыццё выставы

На сваёй першай персанальнай выставе ў Мінску Уладзімір Грамовіч пакажа серыю калажаў, скульптуру і відэа. Фокус выставы Грамовіча гэта дынаміка разбурэння і рэканструкцыі гарадской прасторы Мінска. Мастак звяртаецца да розных перыядаў гісторыі Мінска, пачынаючы з пасляваенных разбурэнняў і заканчваючы прыватызацыяй і капіталістычнай экспансіяй сучаснасці. Ён упісвае іх у рамку геалагічных зменаў, шматгадовай трансфармацыі матэрыі і структуры зямной кары. Таксама мастак звяртаецца да гісторыі архітэктурных помнікаў позняга мадэрнізму: будынкі ВДНГ, аўтавакзала «Маскоўскі», музея гісторыі ВАВ і іншых, нядаўна разбураных з мэтай продажу зямлі інвестарам, і крытычна каментуе змену гарадскога асяроддзя, афіцыйную версію гістарычнай памяці і спекуляцыі на ўласнасці.

На выставе раскрываюцца паняцце гарадскога ландшафту як дынамічнага асяроддзя, у якім сутыкаюцца прыватнае і публічнае, грамадскі інтарэс і капітал, а таксама паняцце пейзажу, як адмысловай формы эстэтызацыі прасторы ў мастацкай форме. Мастак каментуе розныя спосабы асваення гарадской прасторы: фізічныя яго захоп, разбурэнне старых формаў падчас «катастроф» і вайны, і эстэтычныя захаванне ў форме пейзажу, эстэтызацыя руін, будаўнічыя рэндары. Як пейзаж у беларускай графіцы і жывапісу 1960-80-х хаваў партызана і абараняў яго ад варожага погляду, гэтак пейзаж прыроды, раздрукаваны на банернай сетцы, хавае цікавасць капіталіста. Такім чынам, мастак звязвае гісторыю архітэктуры, гарадскую трансфармацыю і рэпрэзентацыю прасторы ў гісторыі мастацтва. Працуючы з мнагаслойнасцю змяненняў постсавецкага горада, Грамовіч задае пытанне: што хаваецца за пейзажам, што хаваецца за руінай, што хаваецца за плотам чарговай будоўлі?

 * Назва выставы «Калі камяні знаходзяцца наўзгорку, гарматныя ядры ляжаць на абочыне» ўзятая з кнігі Эяля і Інэс Вайцман «Да і пасля: архітэктура катастрофы і яе дакументацыя». Арыгінальная цытата належыць тэксту Эрала Морыса «Верыць гэта бачыць. Назіранні над таямніцамі фатаграфіі».

Уладзімір Грамовіч жыве і працуе ў Мінску. Скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, Мінск (2009) і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, кафедра графікі, Мінск (2015). З 2016 года з'яўляецца мастаком галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Грамовіч удзельнічаў у выставачных праектах у Мінску, Маскве, Вільні і іншых гарадах; у 2017 г. ва Ўроцлаве адбылася яго першая персанальная выстава. Удзельнік V Адэскай біенале сучаснага мастацтва (2017). У сваёй мастацкай практыцы ён даследуе гістарычную памяць і архітэктуру, уплыў палітыкі на мастацтва і матэрыял.

 

Суправаджальнае мерапрыемства:

10 жніўня 19:00

Праблемны калектыў. Метад чытання. Сесія № 2.

Праблемны калектыў гэта мастацка-даследчая група, утвораная ў Мінску ў 2016 годзе Аляксеем Барысёнкам, Уладзімірам Грамовічам, Алесяй Жыткевіч і Воляй Сасноўскай.