Выставы
4 - 12 снежня 2018 г.

100 год пасля Вялікай вайны

4 - 12 снежня 2018 г.
галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
100 гадоў пасля Вялікай вайны:
спадчына і памяць пра Першую сусветную вайну (1914–1918 гг.) у Беларусі і Еўропе
 

Доўгі час у Беларусі гісторыя Першай сусветнай вайны і памяць пра яе былі ўсяго толькі фонам для расповеду пра падзеі Кастрычніка 1917 года або пралогам да больш значнай гісторыі Другой сусветнай вайны. Але сёння мы не можам разглядаць гісторыі ХХ стагоддзя, не звяртаючы ўвагі на ключавыя для еўрапейскай мадэрнасці і астатняга свету падзеі Першай сусветнай вайны.

Мы прапаноўваем вам паглядзець на гісторыю «Вялікай вайны» (як яе называлі сучаснікі) не як на аналіз баявых дзеянняў, а праз оптыку сацыяльнай і культурнай гісторыі. Нас цікавіць тое, што адбывалася з чалавекам цягам 1914–1918 гг. і як трансфармаваліся розныя грамадствы еўрапейскіх краінаў пасля вайны. Мэта праекту – выдзеліць новыя пытанні, якія мы можам задаць сёння, разглядаючы гісторыю пачатку ХХ стагоддзя.

Выстава ёсць вынікам супрацы нямецкага і беларускага бакоў – Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германіі ў Мінску і Цэнтру публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі.

Асноўная частка экспазіцыі ўяўляе з сябе выкананую з выкарыстаннем стылістыкі коміксу і тэхнікі калажу візуальную гісторыю вайны і пасляваеннага перыяду. З дапамогаю двух персанажаў з сучаснасці вы зможаце адкрыць для сябе розныя бакі гісторыі вайны: ад мілітарызму і нацыяналізму да пацыфізму і новай ідэі Еўропы, ад гісторыі жаночай эмансіпацыі падчас вайны да гісторыі дзяцінства ў той перыяд, ад феномену ўцекачоў да змены стаўлення да ваеннага гвалту і ваенных злачынстваў. У гэтай гісторыі аб'яднаныя прыклады, узятыя з беларускага кантэксту і гісторыі іншых краінаў – удзельніц Вялікай вайны. Іншыя раздзелы выставы раскажуць пра тое, як мянялася памяць пра Першую сусветную вайну ў Беларусі ды іншых краінах Еўропы цягам ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзяў ды якую ролю згуляла ў падзеях вайны прапаганда.

У межах выставы таксама пройдуць публічныя лекцыі гісторыкаў і спецыялістаў з Беларусі і Германіі.

Мэта экспазіцыі і праекту ў цэлым – аб'яднаць мінулае і сучаснасць, крытычна разгледзець падзеі гісторыі на пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі і за яе межамі. 

Працоўная група праекту:

Аляксей Братачкін (ECLAB), гісторык
Уладзімір Ляхоўскі (БДУ), гісторык
Наталля Прыступа (БДПУ), гісторык
Антон Рудак, гісторык, незалежны даследчык

Арт-куратарка праекта Аксана Жгіроўская
Мастачка Насця Стальмахова
Архітэктарка Вольга Кавалеўская
Тэатральная рэжысёрка Валянціна Мароз

У падрыхтоўцы праекту таксама бралі ўдзел фатограф Сяргей Гапон і студэнткі/ты канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» у ECLAB Аляксандра Бабкова і Павел Міхаленя.
 
 

Праграма адкрытых лекцый і мерапрыемстваў выставы 4-12 снежня (уваход вольны) 

4 снежня, аўторак - 19-00 Адкрыццё выставы і тэатральная чытка ўрыўкаў з рамана Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне» (Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, рэжысёрка Валянціна Мароз)

5 снежня, серада - 19-00 Адкрытая лекцыя «Першая сусветная вайна ў савецкім кінематографе: галерэя кінавобразаў і інтэрпрэтацый» (Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя» ECLAB)

6 снежня, чацвер  - доступ на выставу закрыты.

7 снежня, пятніца - 19-00 Адкрытая лекцыя «Ці ёсць альтэрнатыва дыскурсу мілітарызму напачатку 21-га стагоддзя?» (Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» ECLAB)

8 снежня, субота  - 16-00 Адкрытая лекцыя «Перагружаны свет: канкурэнтныя канцэпцыі сусветнага парадку ў 1918-1919 гг.» (доктар Ёрн Леонхард, прафесар сучаснай еўрапейскай гісторыі ўніверсітэта Фрайбурга, Германія) 

9 снежня, нядзеля - 15-00 Адкрытая лекцыя «Беларусь паміж дзвюма войнамі: уплыў вынікаў Першай сусветнай вайны на міжваенную сітуацыю» (Сяргей Траццяк, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі, Інстытут гісторыі НАН РБ)

11 снежня, аўторак - 19-00 Адкрытая лекцыя «Камемарацыя смерці: вайсковыя некропалі Першай сусветнай вайны ў культурным ландшафце Беларусі» (Алеся Якубінская, кандыдатка гістарычных навук, БНТУ)