Выставы
Арэнда прасторы
Выставы
| Аляксей Зінчанка

Ромы – гэта мы

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь запрашае ўсіх разам з аўтарам праекта – Аляксеем Зінчанка, пражыць адзін дзень у Закарпацкім табары. Наведвальнікі выставы змогуць акунуцца ў незнаёмы для нас побыт і паразважаць над тым, ці гатовыя мы прыняць іншую культуру і сацыяльную ролю, быць адкрытымі і ўлічваць правы меншасці?

Выстава будзе доўжыцца з 12 па 26 ліпеня.

Куратар выставы «Ромы – гэта мы» Канстанцін Дарашэнка:

«"Цыгане – гэта ўпрыгожанне любой краіны", - кажа ўкраінскі спявак, наследнік старадаўняй ромскай артыстычнай дынастыі Пётр Чорны. Ён мае на ўвазе зусім не толькі рамантызаваны вобраз вандроўных шукальнікаў волі і забаўляльную функцыю майстроў «нястрымнага свята». Ён усведамляе адрозненне асаблівага жыццеўладкавання, што захоўваецца стагоддзямі яго народам, які жыве як нацыянальная меншасць па ўсім свеце, у асяроддзі магутных культурных і цывілізацыйных уплываў, як каштоўнасць. Як тое, што заўсёды вылучаецца, звяртае на сябе ўвагу, здзіўляе, бянтэжыць і зачароўвае...


Ромы – увасабленне ўнікальнай, неўсведамлёнай імі самімі моцы антыглабалізму, бо, у пераважнай большасці, насуперак усім спакусам цывілізацыі з яе камфортам, працягваюць выбіраць архаічную традыцыю, грэбуючы сацыяльнымі ліфтамі, выгадамі найноўшых тэхналогій і лічбавай рэальнасці. Не дзіўна, што іх жыццё прыцягвае ўвагу, жаданне глядзець у iх, як у людзей. Менавіта за гэтым Аляксей Зінчанка паехаў у ромскі табар на Закарпацці і менавіта гэта ён злавіў у сваіх фотаздымках: чалавечыя пачуцці, эмоцыі, характары, побыт без тэхналагічных або сацыяльна сканструяваных напластаванняў. Работы Зінчанка раскрываюць нам, што прастата ня ёсць дзікунства, што беднасць і непераборлівасць – не аўтаматычны сінонім гора, што прыгажосць чалавека не залежыць ад яго дагледжанасці і зробленасці. Мастак не стварае штучнай ідыліі, не прапаноўвае і экзатызіруючага каланіяльнага погляду на аб'ект сузірання. У яго цыкле прысутнічаюць і смутак, і стомленасць, і злосць. Асноўнае ж – выразная ромская вітальнасць».

Уваход па вітках у галерэю: 3 / 5 byn,
Па клубных картках Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» уваход вольны!