Распечатано: 22.09.2019 07:14:15
http://ygallery.by/exhibitions/0012227/

Месяц фатаграфіі – 2019. Гісторыя2019-09-03

Білеты на выставу:

Дарослы – 5 byn

Студэнты – 3 byn 

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны ўваход

 

МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – гэта амаль два дзясяткі выставаў фатографаў і фотакалектываў з 10 краінаў на 8 сталічных пляцоўках і аўдыторыя больш за 500 000 чалавек. Нагода паразважаць аб фатаграфіі як аб феномене, інструменце і падставе для дыялогаў, дыскусіяў і абмену досведам. Вось ужо шосты год запар каманда фестывалю трымае беларускую публіку ў інтэлектуальным тонусе – нечаканымі канцэпцыямі, праектамі з самых розных куткоў зямлі і славутымі гасцямі.

З 2016 года МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ адбірае для асноўнай экспазіцыі праекты, якія з розных бакоў разглядаюць тую або іншую тэму. У 2018 годзе такою тэмаю быў панятак «юбілей», у 2017-м – «калектывізацыя», а ў 2016-м – апазіцыя «цэнтр – перыферыя». Сёлета каманда фестывалю прапаноўвае падборку з актуальных серыяў, прысвечаных інтэрпрэтацыі канцэпцыі «гісторыя». Гэтае шматзначнае слова сёння звязанае з канструяваннем і дэканструяваннем гістарычных наратываў, а таксама з роляй мастака/фатографа ў сацыяльна-палітычным кантэксце.

Тэма 2019 года будзе раздзеленая на тры вялікія блокі.

 

1. Сацыяльная харэаграфія. Сацыяльная харэаграфія прысвечаная цялеснай рэпрэзентацыі гістарычных падзеяў і ідэалогіяў і звяртае ўвагу на тое, якім чынам нашае цела фармуецца праз палітычны, культурны і сацыяльны кантэкст. Гэтую тэму падымае ў сваёй інсталяцыі «New Olympia» беларускі фатограф Сяргей Гудзілін. Ён даследуе мінскія парады, вывучаючы целы іх удзельнікаў як ідэалагемы, што складаюцца ў «арнамент масаў». Таксама сацыяльная харэаграфія можа стаць элементам супраціву – як, напрыклад, у праекце літоўскага фатографа Рамуалдаса Пажэрскіса «Балтыйскі шлях». Фатограф дакументуе вядомы пратэст жыхароў балтыйскіх краінаў супраць СССР у 1989 годзе, калі жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі пашыхтаваліся ў жывы ланцуг даўжынёю амаль 600 км. Яркі прыклад сацыяльнай харэаграфіі – знакамітыя пратэсты ў Парыжы ў 1968 годзе, якія будуць паказаныя ў праекце «Май’68».

2. Рэ/Дэканструкцыя гісторыі. Разбіраючы або, наадварот, збіраючы, быццам канструктар, фатаграфію, мастакі паказваюць нам сацыяльны канструктывізм любога гістарычнага наратыву, яго неаб’ектыўнасць, а значыць, умоўнасць. Гэтыя праблемы адрасуе праект беларускага мастака Максіма Ясінскага «Кампрамісы», прысвечаны даследаванню тапанімікі гораду як месца бітвы гісторыі і ідэалогіі. Тэма разрываў у гісторыі будзе закранутая ў працы «Рэканструкцыя» вядомага эстонска-рускага фатографа Аляксандра Гронскага. Дэканструюючы кананічныя сімвалы эпохі застою, мастачка Маша Святагор выкарыстоўвае тэхніку калажу для стварэння твораў, якія прымушаюць перагледзець гэты перыяд у жыцці краіны – іранічны ключ тэхнікі калажу дае іншыя інтэрпрэтацыі Брэжнева, балету, бяседы і г. д.

3. Зазоры гісторыі. Гэты тэматычны блок звяртае ўвагу на падзеі, якія аказаліся на перыферыі гісторыі, або нябачныя працэсы. Адзін з праектаў, што выводзяць на першы план малазначныя факты, – серыя нямецкага мастака Зымана Мэнэра «Комплекс назірання», прысвечаная даследаванню архіваў Штазі.

У 2019 годзе, упершыню за шэсць гадоў працы, МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ прапаноўвае аматарам і прафесіяналам у галіне фатаграфіі ўзяць удзел у партфоліа-рэвю. Пройдзе яно 11 верасня, а ў якасці экспертаў выступяць як замежныя госці, гэтак і беларускія адмыслоўцы. Серыі і праекты ў рознай ступені рэалізацыі можна будзе паказаць мастацкаму дырэктару Трыенале фатаграфіі ў Гамбургу (Нямеччына) і сябру камітэту фотафестывалю ў Лодзі (Польшча) Кшыштафу Цандровічу, нямецкаму фатографу Зыману Мэнэру, французскай выдаўцы, генеральнаму сакратару мастацкага камітэту фестывалю Circulation Эманюэль Халькін, дырэктару фотафестывалю ў Рызе Арнісу Балчусу, каардынатарцы фестывалю Circulation Кляры Шалю ды інш. Беларускую фатаграфічную супольнасць рэпрэзентуюць дырэктар МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ, фатограф і куратар Андрэй Лянкевіч і экспертка ў галіне фатаграфіі і фотакніг, арт-крытык і выкладчыца Вольга Бубіч.

Фестывальныя выставы гэтаю восенню пройдуць у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у прасторы «Кніжная шафа» (Мінск), у Цэнтры гарадскога жыцця (Гродна), Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

З 13 верасня да 15 кастрычніка 2019 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь упершыню пройдзе выстава «Майсей Напельбаўм. Партрэт эпохі». Майсей Напельбаўм – адно з самых значных імёнаў у гісторыі фатаграфіі. Велічыню ягонага таленту характарызуе просты факт: калі ў 1918 годзе бальшавікам спатрэбілася паказаць свету выяву кіраўніка савецкай Расіі, то першы мастацкі фотапартрэт Леніна замовілі Напельбаўму. Выстава прымеркаваная да 150-годдзя майстра. Да выставы будзе выдадзены набор паштовак. На адкрыццё выставы будуць запрошаныя спадкаемцы Майсея Напельбаўма. Куратарка праекту – Мая Кацнельсон.

 

Пры падтрымцы сеткі крам КРАВТ.

Інфармацыйная падтрымка – беларускі партал TUT.BY, радыё Unistar і гарадскі онлайн-часопіс Citydog.by.

Тэхнічная падтрымка – Samsung.

Пры падтрыманні амбасадаў Францыі ў Беларусі, Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Польскага інстытуту ў Мінску, Інстытуту Гётэ ў Мінску, Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».