Выставы
Арэнда прасторы
Выставы
2019-11-01 | Юра Шуст

НЕАФІТ | персанальная выстава Юры Шуста

НЕАФIТ

Юра Шуст / Персанальная выстава

 

Адкрыццё 7.11 а 19:00

Рэйв у межах адкрыцця а 21:00

Уваход вольны.

 

"Калі рэкі свецяцца прывідным святлом і сонца на світанні гуляе, можна спасцігнуць мову раслін, звяроў і птушак. Аднак здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць схаваныя скарбы свету будзе падаравана толькі вельмі смеламу чалавеку".

Праект мастака Юры Шуста прысвечаны значэнню таямніцы і містэрыі ў жыцці маладых беларусаў. Асноўная відэапраца праекта "НЕАФІТ", заснаваная на аналогіі пошуку папараць-кветкі і наркатычнай закладкі, адлюстроўвае групу маладых людзей, блукаючых па лесе ў пошуках міфічнага шчасця.

Артэфакты фільма прадстаўлены ў прасторы галерэі ў выглядзе светлавых панэляў. Нібы загадкавыя крыптаграфічныя пасланні, падэшвы прасаў выяўляюць сваю архаічную сутнасць, нагадваючы мярэжыстыя ўзоры выцінанкі. Знявечаны горны ровар, раскатаны 20-тоным катком, падобна старажытным закамянеласцям папараці, падвешаны ў цэнтры галерэі. Келіхі з прарошчанымі цыбулінамі – адсылка да браўзэра Тor (выкарыстоўваецца ў ценявым інтэрнэце для ананімізацыі), злучае ў адзіную сетку ўсе часткі інсталяцыі.

Графічны наратыў праекта, натхнёны інфармацыйным дэлірыем, суправаджаецца цеплавымі картамі увагі, якія ў межах гэтай працы былі згенераваныя лабараторыяй карыстальніцкага досведу адной з ІТ-карпарацый.

Спалучаючы ў сабе архаічнае і постіндустрыяльнае, актуалізуючы сакральную ідэю ўключэння чалавека ў глабальную сістэму, праект з'яўляецца спробай выяўлення глыбіннай сувязі тэхналогіі і грамадства. У форме абсурднай антыўтапічнай казкі "НЕАФІТ" выкрывае сучасныя формы ўсюдыіснага і ўсёабдымнага кантролю і акцэнтуе жыватворчае імкненне да дэцэнтралізацыі.

Юра Шуст (1983 год, Маладзечна) – мастак, асноўная форма твораў – інсталяцыя, графіка, відэа. Выпускнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Каралеўскай акадэміі мастацтваў і Вышэйшага інстытута мастацтва ў Генце. У сваіх працах акцэнтуе візуальныя коды і маркеры сучаснасці, даследуючы дух часу і магчымыя сцэнары развіцця будучыні.

 

Квіткі на выставу:

Дарослыя – 5 byn; студэнты – 3 byn; па клубных картках, для школьнікаў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю – уваход вольны.