Рубрыкi
Арэнда прасторы
Навіны
Студзень 13, 2011 | Беларусь

18 студзеня 2011 года а 17-й гадзіне ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўкі графічных твораў Андрэя Скіцёва «Каханне ды інш.».

На першы погляд, графіка Андрэя Скіцёва – адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці ў рамках звыклай сюжэтна-тэматычнай карціны. І адначасова “другі подых” айчыннага віда мастацтва, якое за гульневым элементам і новымі тэхнікамі губляе тое, што адрознівае яго ад іншага свету.

Фіксацыі жыцця нашых сучаснікаў маюць ў Скіцёва максімальную псіхалагічную афарбоўку. Чалавек, чалавечыя пачуцці – гэта тое, што найперш хвалюе аўтара ў навакольным свеце. Гэтыя пачуцці можна разглядаць бясконца, бо яны і маюць неабмежаваную колькасць адценняў. Сярод узгаданага мноства ёсць якасці, якія тычацца месца і часу. Падаецца, што “каханне ды інш.” у сённяшняга беларуса мае пэўныя асаблівасці параўнальна з іншымі часамі і народамі. Аўтар імкнецца адсачыць гэтыя асаблівасці і стварыць партрэт месціча, набліжаны да дакументальнага.

Андрэй Скіцёў нарадзіўся ў 1968 г. у Навасібірску (Расія). У 1986 г. скончыў Школу-інтэрнат імя І. В. Ахрэмчыка і ў 1994 г. Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “жывапіс”. З 1991 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 2005 г. Жыве ў в. Вішнёўка Мінскага р-на.

Персанальныя выстаўкі:

1997 – “Становішча рэчаў”, галерэя “АВ” (Мінск).

1998 – “Танец”, Нацыянальны тэатр оперы і балета (Прага, Чэхія).

1999 – “Азбука пляцення”, галерэя “АВ” (Мінск).

2000 – “Мяцізы”, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск).

2001 – “Still life”, галерэя «Золата» (Мінск).

2004 – “Хроніка месца”, галерэя БДУКіМ (Мінск).

2007 – “Неакрэслены стан”, музей М.Багдановіча (Мінск).

2009 – “Нататнік”, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Минск).

Выстаўка працягнецца па 6 лютага 2011 г.