Рубрыкi
Арэнда прасторы
Навіны
Чэрвень 18, 2010 | Галерэя «Ў»

23 чэрвеня а 19 гадзіне ў менскай Кнігарні “Ў” па адрасе пр. Незалежнасці, 37а адбудзецца першая ў Беларусі прэзентацыя дакументальнага фільму “Беларусь пад нямецкай акупацыяй 1941-1944” знятага для тэлеканалу “Белсат”.

Фільм распавядае пра жыццё беларусаў на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі падчас Другой Сусветнай Вайны.

Галоўная мэта фільму знятага для спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” – паказаць праўду пра вайну.“Наша мэта – паказаць як мага больш аб’ектыўны вобраз Беларусі пад нямецкай акупацыяй, не як дагэтуль рабілі, дзелячы ўсё на белае і чорнае, але паказаць перадусім, што было пасярэдзіне”, – лічыць рэжысёр фільма Антось Цялежнікаў.

Паводле аўтара, перад беларусамі стаяў няпросты выбар, як паводзіць сябе ў новых умовах. "Жыццё было даволі цяжкім, і, як узгадваюць сведкі тых падзеяў, вельмі лёгка было загінуць – не толькі ад рук немцаў, але і саветаў, палякаў, – дзеліцца думкамі рэжысёр. – Жыхары Беларусі знаходзіліся перад цяжкім выбарам: супрацоўнічаць з акупантамі ці змагацца супраць іх. У любым выпадку прынцып “Мая хата з краю” не праходзіў. Беларускія нацыянальныя колы, памятаючы абвешчанне БНР у 1918 годзе, якое не абышлося без дапамогі кайзераўскай Нямеччыны, спадзяваліся на выкарыстанне нямецкай акупацыі ў нацыянальных інтарэсах".

Фільм складаецца з трох серыяў – “Надзеі на змены”, “Паміж молатам і кавадлам” і “Развітанне з міфамі”. Героі фільма – Барыс Кіт, айцец Аляксандр Надсан, гісторык Юрый Туронак ды іншыя сведкі і даследнікі Другой сусветнай вайны. Агульная працягласць стужкі – 127 хв.

Пасля паказу запланаваная дыскусія. Удзел у ёй прымуць вядомыя гісторыкі Уладзімір Ляхоўскі і Кузьма Козак.

Інтэрв’ю з Антосем Цялежнікавым: http://www.belsat.eu/generator.php?p=1,10,34,3190