Рубрыкi
Арэнда прасторы
Навіны
Люты 19, 2016 | Беларусь

Дзяржаўная арт-інстытуцыя можа ўключыць акцыянізм у сваю калекцыю

Дзяржаўная арт-інстытуцыя можа ўключыць акцыянізм у сваю калекцыю. Упершыню ў беларускай гісторыі.

18 лютага ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь мастак галерэі “Ў” Аляксей Талстоў здзейсьніў перфарматыўную інтэрвенцыю “Ласунак”. Падчас урачыстага адкрыцця выставы намесніка дырэктара цэнтра Дзяніса Барсукова ён высыпаў на падлогу мех бульбы. Акцыя адбывалася без папярэдняга ўзгаднення з кіраўніцтвам цэнтру, але нягледзячы на гэта была адразу ж станоўча ацэненая удзельнікамі імпрэзы.

“Так, гэта перформанс… Я інтэрпрэтавала гэта менавіта як частку тых праектаў, якія рабіў Дзяніс Валер'евіч. Любы мастак можа выказаць свой мастацкі погляд на нешта. І рэальна я выдатна разумею, што Дзяніс больш вядомы не як жывапісец, але як аўтар праектаў, таму з’яўленьне тут бульбы ўнесла нават нейкую канцэптуальную нотку ў звычайную жывапісную выставу. Чаму не? Я лічу, што гэта добра. Значыцца ёсць нейкі кантакт. Паміж адным мастаком і іншым,” – пракаментавала працу дырэктар НЦСМ Наталля Шаранговіч.

Іншыя выступоўцы таксама звязвалі “Ласунак” з праектам Арт-бульба, які праходзіў у 2008-м годзе. У цэлым акцыю сустрэлі цёпла, з воплескамі. Матэрыяльная частка інтэрвенцыі, 15 кілаграм бульбы, засталася ў музеі.

Сам Аляксей Талстоў на сваёй старонцы ў фб выказаў падзяку кіраўніцтву цэнтра і звярнуў увагу на высокія стандарты, якіх трымаецца арганізацыя. Таксама ён зазначыў, што рэакцыя на ягоную інтэрвенцыю сведчыць пра грунтоўныя змены ў палітыцы цэнтру і што ўдзел у гэтым працэсе ёсць для яго гонарам.

“Можа гэта прагучыць нясціпла, але наколькі я разумею, праца “Ласунак” стала першай у гісторыі беларускага мастацтва перфарматыўнай інтэрвенцыяй, якую афіцыйна прызнала дзяржаўная інстытуцыя. Далей, відаць, будзе фармальнае апісанне і залічэнне ў фонд, пра што НЦСМ хутчэй за ўсё паведаміць асобна,” – спадзяецца мастак.

Афіцыйнай заявы ад Нацыянальнага цэнтру сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь пакуль няма.

Аляксей Талстоў з'яўляецца мастаком галерэі сучаснага мастацтва "Ў", рэалізуе персанальныя праекты, стала бярэ ўдзел ў групавых выставах у Беларусі і за мяжой. У 2013 годзе адбылася ягоная персанальная выстава "Самакантроль", у 2014 ён прадстаўляў галерэю на міжнародным кірмашы сучаснага мастацтва Supermarket у Стакгольме.

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" віншуе аўтара з новай працай і зычыць плённага супрацоўніцтва з Нацыянальным цэнтрам сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь і іншымі інстытуцыямі.