Рубрыкi Сябры галерэi
  • Belinfonet
  • Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры
  • Red Graphic
  • Art Activist
  • pARTisan
  • ECLAB
Навіны
Сакавік 31, 2016 | Свет

”ZBOR. Рух беларускага мастацтва” у Кіеве

У Беларусі і Украіне, нягледзячы на адрозненні ў палітычным курсе, адбываюцца падобныя сацыяльныя змены, звязаныя з нацыянальнай самасвядомасцю і культурнай самаідэнтыфікацыяй. У той жа час культурны абмен між краінамі абмежаваны і мае эпізадычны характар. Сучаснае ўкраінскае мастацтва дагэтуль не было шырока прадстаўлена ў Беларусі, а беларускае мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў застаецца ў цэлым незнаёмым украінскаму гледачу.

Выстава "ZBOR. Рух беларускага мастацтва" ўпершыню паказвае ва Украіне зрэз сучаснага беларускага мастацтва і з’яўляецца важнай падзеяй для разумення працэсаў, якія адбываліся ў беларускай культурнай прасторай апошнія 25 гадоў.

ZBOR – гэта вынік дзейнасці даследчыцкай платформы KALEKTAR, створанай групай мастакоў і куратараў з мэтай вывучэння і захавання найноўшай гісторыі мастацтва Беларусі. Аснову выставы склалі 40 ключавых твораў, якія, паводле меркавання экспертнай рады платформы KALEKTAR, вызначылі асноўныя тэндэнцыі і кірункі развіцця сучаснага беларускага мастацтва. Выстава ўключае ў сябе больш як 200 экспанатаў: дакументальныя фатаграфіі, даследчыцкія эсэ, а таксама арыгінальныя работы беларускіх мастакоў, створаныя ў перыяд з канца 1980-х да нашых дзён. Значную частку экспазіцыі займае вялікая медыяпрэзентацыя, куды ўваходзяць арыгінальныя відэапрацы больш чым дваццаці аўтараў, а таксама рэдкія дакументальныя відэаматэрыялы перформансаў і мастацкіх акцый.

Экспазіцыя складаецца з работ больш чым пяцідзесяці беларускіх мастакоў, якія жывуць і працуюць як у краіне, так і за яе межамі.

Беларускае мастацтва за апошнія дзесяцігоддзі перажывала размаітыя трансфармацыі. У гэты час адбывалася шмат важных падзей у мастацкім асяродку, якія істотна паўплывалі на развіццё культуры, аднак гэтыя працэсы не былі асэнсаваны і сістэматызаваны ў сферы беларускай прафесійнай арт-крытыкі. Багата ў чым гэта прывяло да таго, што інфармацыйны і інстытуцыйны вакуум стаў запаўняцца імітацыямі, створанымі бюракратычнымі і прапагандысцкімі структурамі з мэтай распаўсюду свайго кантролю на – усё яшчэ незалежнае – поле сучаснага мастацтва. Больш за тое, адсутнасць акадэмічнага дыскурсу і даследаванняў у галіне архівавання сучаснага мастацтва вядзе да страты шматлікіх значных твораў, у прыватнасці звязаных з міждысцыплінарнымі і перфарматыўнымі практыкамі, відэа і новымі медыя.

Менавіта таму групай мастакоў і куратараў была зроблена спроба стварыць калекцыю найноўшага беларускага мастацтва на падставе платформы KALEKTAR. З’явілася неабходнасць фармулявання новых прынцыпаў і падыходаў да праблематыкі стварэння сучаснай калекцыі, якая магла б увабраць у сябе ўсю шматстайнасць сённяшніх мастацкіх практык і быць арганічнай часткай сучаснай інфармацыйнай плыні.

Кіруючыся тымі ж прынцыпамі, ІЗАЛЯЦЫЯ пазначае выставай "ZBOR. Рух беларускага мастацтва" новы этап даследаванняў сучаснага ўкраінскага мастацтва. Фонд вылучае мэту сістэматызаваць ключавыя творы мастацтва і аналізаваць наяўныя даследаванні, створаныя і ствараныя з моманту абвяшчэння Украінай сваёй незалежнасці ад СССР. Адкрытая платформа будзе ўтрымліваць зрэз даследаванняў, базу ўкраінскіх мастакоў і іх работ, а таксама аўтарскія тэксты, якія фіксуюць развіццё мастацкіх кірункаў і практык ва Украіне. Мяркуецца, што на падставе гэтай даследчай платформы будзе створана выстава, якая дазволіць прэзентаваць ключавыя кірункі і творы сучаснага ўкраінскага мастацтва.

Куратары: Андрэй Дурэйка, Максім Тымінько.

Выстава 31.03 – 6.05.2016

ZBOR. Рух беларускага мастацтва

Удзельнікі: Сяргей Бабарэка, Ізраіль Басаў, група "Беларускі клімат", група "Бергамот", Бісмарк, Васіль Васільеў, Аляксей Велікжанін, Жанна Гладко, Жанна Грак, Міхаіл Гулін, Аксана Гурыновіч, Лена Давідовіч, Эвеліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд, Андрэй Дурэйка, Сяргей Кірушчанка, Артур Клінаў, Аляксандр Камароў, Аляксей Кашкараў, Андрэй Лянкевіч, група "Ліпавы цвет", Аляксей Лунёў, Віка Мітрычэнка, Галіна Маскалёва і Уладзімір Шахлевіч, Марына Напрушкіна, Алесь Пушкін, група "Рэвізія", Людміла Русава, Ігар Саўчанка, Вольга Сазыкіна, Антаніна Слабодчыкава, Ганна Сакалова, Тамара Сакалова, Леон Тарасевіч, Ігар Цішын, Максім Тымінько, Глеб Шутаў і Мая Іліч, Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка, Алег Чорны, Сяргей Шабохін, Ганна Школьнікава, Алег Юшко і Кірыла Лубінец.

pARTisan©