Рубрыкi
Арэнда прасторы
Навіны
Сакавік 31, 2016 | Беларусь

Лекцыя Юліі Фаміной ”Гісторыя куратарства: ад сузірання і аналізу да падарожжаў у часе”

Праект «Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы»

Лекцыя Юліі Фаміной «Гісторыя куратарства: ад сузірання і аналізу да падарожжаў у часе»

31 сакавіка (чацвер)

Бізнэс-клуб IMAGURU (вул. Фабрыцыуса, 4) 19:00

31 сакавіка (чацвер) у межах праекта «Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы» адбудзецца публічная лекцыя Юліі Фаміной «Гісторыя куратарства: ад сузірання і аналізу да падарожжаў у часе»

З канца 1960-х гг. куратарства на Захадзе пачало паступова набываць статус творчай прафесіі. Тады, разам з агляднымі, пачалі арганізоўвацца так званыя інтэрпрэтацыйныя выставы, якія прапаноўваць нейкую суб'ектыўную карціну мастацкіх працэсаў сучаснасці. У апошнія дзесяцігоддзі статус куратара-творцы яшчэ больш умацаваўся. У полі сучаснага мастацтва куратарства – гэта крэатыўны акт, а выстава ўсё часцей разглядаецца як адзін з відаў медыя, якія забяспечваюць узнікненне новых канфігурацыяў часу і прасторы.

Якую эвалюцыю прайшла куратарская практыка ў іншай – постсавецкай – сістэме каардынатаў? Як куратары мастацкіх выстаў працуюць з катэгорыямі часу і прасторы? Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца на лекцыі на прыкладзе кароткай гісторыі куратарства ў Літве (з канца 1980-х да сённяшняга дня). Праз зварот да этапных выставаў і дзейнасці асобных куратараў будзе разгледжана, як куратарства з практыкі сузірання і аналізу мастацкіх працэсаў ператварылася ў працу з сучаснасцю і інструментам падарожжа ў часе.

Пасля лекцыі адбудзецца дыскусія. Мадэратарка: Ірына Саламаціна.

Пра лектарку:

Юлія Фаміна – куратарка віленскага Цэнтра сучаснага мастацтва і мастацкі крытык. У 2015 г. абараніла доктарскую дысертацыю аб гісторыі куратарскай дзейнасці ў Літве (з канца 1980-х да сённяшняга дня). Выкладае гісторыю і тэорыю куратарства ў розных літоўскіх ВНУ. Сярод апошніх куратарскіх праектаў – выстава маладых літоўскіх мастакоў «Віленская альтанка» (2013) у Дзяржаўным цэнтры сучаснага мастацтва ў Маскве; «Ілюзіяністы: аб сцэнаграфіі і сучасным мастацтве» (2013) у Цэнтры сучаснага мастацтва ў Вільні. Сфера яе даследчых інтарэсаў уключае метады канцэптуалізацыі мастацтва шляхам выставачнай дзейнасці, уплыў выставаў на развіццё мастацтва і яго ўспрыманне, а таксама спосабы артыкуляцыі ідэяў у сучасным мастацтве.

Мова лекцыі: руская.

Уваход вольны!

Мерапрыемства ў Facebook

Ілюстрацыя: фрагмент экспазіцыі супольнага павільёна Літвы і Кіпра на 55-ай Венецыянскай біенале ў 2013 г. Куратар – Раймундас Малашаўскас. Фота: Робертас Наркус.