Распечатано: 25.11.2017 04:59:50
http://ygallery.by/news/0011362/

Вынікі 2016 года галерэі сучаснага мастацтва ”Ў”Снежань 31, 2016 | Галерэя «Ў»

У 2016 годзе галерэя сучаснага мастацтва "Ў" прадставіла публіцы больш за 20 выставачных праектаў, 8 з якіх — замежныя і 9 — якія прадстаўляюць інтарэсы маладых мастакоў. Было праведзена больш за 200 мерапрыемстваў агульнага характару (прэзентацыі, лекцыі, воркшопы, відэапаказы, сустрэчы), былі адкрыты дзве новыя эксперыментальныя прасторы "Ў падземка" і "Ў падвал", адбыліся два вялікіх адукацыйных праекта — "Куратарская школа" і "10 майстэрняў". Дзякуючы "знойдзеным" выставачным пляцоўкам, а таксама правядзенню адукацыйных праектаў у сценах галерэі "Ў" з'явілася шмат новых імёнаў маладых мастакоў і мастачак.

Найбольш прыкметнай часткай дзейнасці галерэі ў гэтым годзе сталі адукацыйныя праекты. Галерэя ўзяла на сябе адказнасць запускаць працэсы для развіцця агентаў арт-поля Беларусі: ствараць сувязі паміж сучаснай культурай, грамадствам і мастацкім асяроддзем.

Так, у 2016 годзе галерэя арганізавала два навучальных праекта: "10 майстэрняў" і "Куратарская школа" і працягнула адукацыйную праграму для арт-мэнэджараў ArtPlatform.

Мэта "10 майстэрняў" — зацікавіць гледача да самаадукацыі ў галіне сучаснага мастацтва і тым самым стварыць яшчэ адзін сегмент прафесійных гледачоў. Як варыянт — умацаваць пераемную сувязь паміж маладымі непрафесійнымі і сталымі мастакамі. Даць людзям, зацікаўленым мастацтвам, магчымасць наўпрост пасябраваць з яркімі мастакамі і сумесна стварыць выставачны праект. Сёлета гэты адукацыйны праект прадставіў майстэрні: Вольгі Сазыкінай, Міхаіла Гуліна, Аляксея Лунёва, Максіма Тымінько (Нідэрланды), Вікторыі Мітрычэнка (Нідэрланды), Ганны Сакаловай і Алега Юшко (Германія), Антаніны Слабодчыкавай, Жанны Гладко, Сяргея Шабохіна, а таксама спецыяльна была запрошана група Bouillon (Грузія). У праекце прынялі ўдзел больш за 50 чалавек, вынікі навучання якіх былі прадстаўлены ў прэзентацыйных праектах на пляцоўках галерэі.

Мэта "Куратарскай школы"— матываваць маладое пакаленне крытыкаў і куратараў, узмацніць сувязь разумення паміж агентамі арт-поля аб працэсах, што адбываюцца ў сферы сучаснага мастацтва Беларусі. Для дасягнення гэтай мэты, у супрацоўніцтве з Інстытутам Сучаснага Мастацтва ў Ерэване (Арменія), былі запрошаны актуальныя куратары і крытыкі міжнародных праектаў: Назарэт Караян, Сусанна Гілюміран, Ева Хачатран.
 Важна пазначыць яшчэ адзін адукацыйны кірунак, які працягвае развівацца дзякуючы падтрымцы галерэі сучаснага мастацтва "Ў" — гэта Дзіцячыя Творчыя Майстэрні. Гэты праект дапамагае раскрыць творчы патэнцыял і развіць вобразнае мысленне маленькага чалавека праз навучанне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтва. Дзякуючы камандзе ДТМ і запрошаным экспертам, сапраўдны праект ужо ў наступным годзе выпусціць першую кнігу для дзяцей пра беларускае мастацтва XX стагоддзя, пра Віцебскую школу.

Актыўная выставачная дзейнасць галерэі таксама задала пытанне пра неабходнасць пашырэння выставачных плошчаў, якое было вырашана з дапамогай "знойдзеных" прастораў ў будынку галерэі. Так, у сакавіку 2016 года, дзякуючы праекту "Жыццё вакол" маладога мастака Захара Кудзіна, адбылося адкрыццё канцэптуальнай галерэі "Ў падземка". Галерэя "Ў падземка" ўяўляе сабой фізічную прастору ў падлозе памяшкання (або) публічнага месца, памерам 80 на 50 см, якое можа быць абсталявана ў любым пункце свету, з асаблівасцю для гледача: позірк накіраваны зверху ўніз. Дадзеная галерэя супрацьстаіць "беламу кубу", умоўнасцям у неабходнасці ідэальнай выставачнай прасторы і ў некаторай ступені адлюстроўвае працэсы джэнтрыфікацыі.

У маі гэтага года таксама ў эксперыментальным рэжыме пачала працаваць прастора "Ў падвал". "Ў падвал" задумваўся як прастора без фінансавання, але з магчымасцю для мастакоў, даследчыкаў і актывістаў сучаснага мастацтва атрымаць досвед супрацоўніцтва з галерэяй праз забеспячэнне іх пляцоўкай для выставачных, даследчых і культурных праектаў, каб атрымаць трывалы старт для далейшага ўстойлівага развіцця ў галіне сучаснага мастацтва і культуры. Нажаль, праз тэхнічныя бязладзіцы з прасторай, яго выкарыстанне ў прызначаным кірунку прыйшлося адкласці да больш спрыяльных часоў.

Захар Кудзін, Алеся Жыткевіч, Міша Мішук, Кірыл Каўбаснікаў, Раман Камінскі — гэта маладыя мастакі, выставачныя праекты якіх адбыліся сёлета ў прасторы "Ў".

Праект маладога мастака Захара Кудзіна, прадстаўлены ў траўні 2016 у асноўнай залі галерэі — гэта першая персанальная выстава жывапісу Left eye painting, у якой гледачу прапаноўвалася даследаваць працу ўласнага інструмента бачання і пераасэнсаваць уласны візуальны досвед.


Пляцоўка "Ў" бара стала экспазіцыйнай залай для персанальных выставачных праектаў Кірыла Каўбаснікава "Кахай" (люты, 2016), Мішы Мішука "Клара&Роза" (сакавік, 2016), Алесі Жыткевіч "Ханамаці і навальнічныя аблокі" (чэрвень, 2016). У прасторы "Ў падвал" у ліпені 2016 была прадстаўлена выстава жывапісу Singular Invisible Present маладога мастака Рамана Камінскагага.

Асаблівую ўвагу неабходна надаць маладому мастаку галерэі Аляксею Талстову, персанальны выставачны праект якога "Гэта так прыгожа!" быў паказаны ва "Ў падвале" у траўні гэтага года. Гэты праект актуалізаваў пазіцыі і адрозненні паміж індывідам і палітычнай сістэмай. Выразная грамадзянская пазіцыя Аляксея Талстова, накіраваная на паляпшэнне і адкрытасць працэсаў у сферы афіцыйных структур культуры, якія тычацца распараджэння бюджэтных сродкаў, а таксама іх рэгламентацыю, — стала яркім прыкладам узаемадзеяння паміж важнасцю і разуменнем тых праблем, што тармозяць развіццё мастацкага асяроддзя. Гэты стан міжведамасных і грамадзянскіх працэсаў быў асабліва востра актуалізаваны ў кантэксце гэтага года, які на дзяржаўным узроўні быў абвешчаны Годам Культуры з мэтай аб'яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў і г.д.

Немалаважнай часткай дзейнасці галерэі з'яўляецца наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва і паказу замежных праектаў. Сёлета галоўная выставачная зала прымала праекты вядомых у сусветным кантэксце імёнаў: Candy Chang, Antje Ehmann і Harun Farocki. Праект "Прызнанні" амерыканскай мастачкі Candy Chang (люты, 2016), варта адзначыць як асабліва наведвальны: публіцы адводзілася прамая роля ў фарміраванні сэнсавага і напаўнення візуальнага складніка экспазіцыі — ананімнае пісьмовае адлюстраванне сваіх думак.
У сакавіку быў прадстаўлены персанальны праект "Біяэтыка" украінска-нямецкага мастака Aljoscha. Канцэпцыя праекта была заснавана на магчымасці задаць пытанне пра этычны і эстэтычны бок развіцця генных мадыфікацый і ўжытку медыцынскай інжынерыі ў жыцці грамадства.

Праект Labor In a Single Shot, Antje Ehmann і Harun Farocki (красавік, 2016) з'яўляецца плённым супрацоўніцтвам паміж Інстытутам Гётэ, фестывалем Artes Liberalis, куратарам Ленай Прэнц і галерэй "Ў", дзякуючы чаму менскаму гледачу прадставілася магчымасць убачыць апошнюю маштабную працу рэжысёра. 
Варта адзначыць і дуэт з Нідэрландаў Topp&Dubio (чэрвень, 2016), крызісны праект якіх "0,00" супаў з надыходзячай дэнамінацыяй. У ліпені быў паказаны праект QAI / BY, аўтарам якога з'яўляецца польскі мастак Караль Радзішэўскі (пры супрацоўніцтве з А. Лунёвым і С. Шабохіным). Праект уяўляў сабой даследаванне, архіваванне і пераасэнсавання пытанняў квір у былых сацыялістычных краінах і па-за іх межамі.
 Вынікам традыцыйнага эка-пленэру, стаў міжнародны праект "Прырода гуку" і Агра-Культурны Фэст (жнівень, 2016), у якім прынялі ўдзел мастакі з Беларусі, Літвы і Арменіі. Узнятыя ў праекце актуальныя пытанні экалогіі і шумавага забруджвання праз мастацкае даследаванне стала прыкладам практычнага супрацоўніцтва паміж арт-супольнасцю і грамадзянскім аб'яднаннем.

Міжнароднае супрацоўніцтва таксама ажыццяўляецца дзякуючы прывазным куратарскім праектам. Экспазіцыя "Нічога такога, гэта проста мастацтва…" (куратар Моніка Шэўчык, верасень, 2016) — гэта частка адной з найбуйнейшых калекцый сучаснага мастацтва ў Польшчы — калекцыі галерэі Аrsenal у Беластоку, дзе сабраны найбольш цікавыя і ўплывовыя працы польскіх мастакоў, якія былі створаны з пачатку 2000-х гадоў.

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" традыцыйна прапануе сваю выставачную прастору ў рамках культурнай падзеі восені "Месяц фатаграфіі". Гэтай восенню прастора была аддадзена пад рэтраспектыўны праект беларускага фатографа Валерыя Кацубы "Восем гісторыяў" (куратар Ганна Шпакава). 
Выставачны год у рамках міжнароднага супрацоўніцтва быў завершаны праектам "НА СТАРТ! УВАГА! МАРШ!" (Лістапад, 2016) грузінскай групы Bouillon. Удзельніцы групы Наталля Васадзе і Кацярына Кецбая таксама былі запрошаныя ў якасці аўтараў курсу ў адукацыйным праекце "10 майстэрняў", вынікам якога стаў перформанс — працяг мастацкай працы групы Bouillon (Religious) Аerobics (2013 года).

Варта адзначыць, што адукацыйныя праекты "10 майстэрняў", "Куратарская школа", а таксама выставачныя праекты нідэрландскага дуэта Topp&Dubio і грузінскай групы Bouillon праходзілі пры падтрымцы літоўскага партнёра Kulturos Ambasada ў рамках праекта S.M.A.R.R.R.T.

Завяршальным выставачным праектам стаў "Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941-1944)", арганізатарамі якога з'яўляюцца Цэнтр публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі пры падтрымцы фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" (ФРГ). Выстава ўяўляла сабой сістэматызацыю даследаванняў гісторыкаў і псіхіятраў Беларусі і Германіі, куратарам выступіла Аксана Жгіроўская.

У падвядзенні вынікаў, важна зафіксаваць і адзначаныя поспехі галерэі сучаснага мастацтва "Ў". У гэтым годзе, галерэя была ўшанавана прызавым месцам у намінацыі "Лепшая замежная галерэя" на штогадовым кірмашы сучаснага мастацтва ARTVILNIUS'16, з праектам Flip Flap Moment. Сапраўдны праект быў рэалізаваны пры падтрымцы "Ў бюро", а менавіта Аляксея Лунёва, якое займаецца развіццём камерцыйнага напрамка галерэі. Важнай падзеяй года ў плане партнёрскага супрацоўніцтва для галерэі "Ў" стала падтрымка выставачнага праекта ZBOR, а менавіта яго прадстаўленне ў прасторы IZOLYATSIA (Кіеў, Украіна). Сапраўдны праект, па версіі аўстрыйскага часопіса ViennaContamporaryMag, увайшоў у TOP-10 выстаў сучаснага мастацтва цэнтральнай і ўсходняй Еўропы ў красавіку-траўні 2016, з чым мы сардэчна віншуем куратараў праекта Андрэя Дурэйку і Максіма Тымінько!



Ахопліваючы падзеі адыходзячага года, галерэя сучаснага мастацтва "Ў" дзякуе ўсім калегам, партнёрам, спонсарам і супольнасцям за плённае супрацоўніцтва і імпэтную дзейнасць, накіраваную на развіццё культурнага асяроддзя Мінска і Беларусі ў 2016 годзе, а таксама жадае ў наступным, 2017 годзе, не змяншаць тэмп для дасягнення сваіх мэтаў!

Куратар галерэі Ілона Дзяргач

Фота: Максім Сарычаў да выставы "Гэта так прыгожа!" Аляксея Талстова