Распечатано: 27.05.2018 06:40:01
http://ygallery.by/news/0012080/

Дзейнасць галерэі ў 2017 годзеСнежань 31, 2017 | Галерэя «Ў»

Паважаныя спадары і спадарыні, калегі, сябры!

Па традыцыі мы публікуем агляд дзейнасці каманды галерэі «Ў» у адыходзячым годзе.

У 2017 годзе мы па-ранейшаму ўважліва прыглядаліся да работ маладых мастачак і мастакоў, падтрымлівалі іх як маглі і прапаноўвалі пляцоўку галерэі «Ў» пад прэзентацыю іх новых праектаў. Распачаўшы новы год выставай Паўла Корбуса, Юліі Якубоўскай і Эмраха Гёкдэміра (куратарка Марына Дашук), мы ў красавіку змаглі паказаць доўгачаканы новы праект Юры Шуста "Абсорбцыя" (куратар Аляксей Барысёнак). У ліпені нас і нашых наведвальнікаў зачаравала персанальная выcтава Антона Сарокіна "Мінулае яшчэ не скончылася, будучыня ўжо не настала" (куратаркі Інга Ліндарэнка, Марыя Яшчанка).

У выставах мастакоў, чые імёны ўжо добра вядомыя ў арт-асяроддзі, мы з цікавасцю назіралі працу над марфемамі мастацтва – пачатковымі складнікамі таго ці іншага медыя: мінімалізму ў Тамары Сакаловай, Ганны Сакаловай і Алега Юшко на выставе "III II I", акцыянісцкай практыкі ў творчасці Міхаіла Гуліна на выставе "І я так магу!".

У двух фатаграфічных выставах года мы назіралі погляд на Беларусь: звонку – у праекце Эндру Мікшыса "Цюльпаны" і знутры – на выставе Андрэя Лянкевіча "Бывай, Радзіма!" (куратарка Лена Прэнц).

Нам было прыемна стаць завадатарамі або суарганізатарамі сумесных міжнародных праектаў і паказаць іх вынікі ў галерэі: утапічны, але жаданы погляд на іншую будучыню Беларускай АЭС на выставе "Астравец культуры" (паводле матэрыялаў штогадовага эка-арт пленэра), а таксама вынік ўкаранення мастакоў у сацыяльнае асяроддзе помеж з галерэяй «Ў» на выставе "Ціхі горад". У красавіку мы ў шосты раз сталі пляцоўкай правядзення мастацка-адукацыйнага фестывалю Artes Liberales, дзеля якога мастак галерэі Сяргей Шабохін выканаў новы твор – роспіс на сцяне "Падзеленая салідарнасць".

Галерэя «Ў» першай у Беларусі далучылася да міжнароднага руху арт-рэзідэнцый. Арт-рэзідэнцыя – гэта магчымасць для мастака абстрагавацца ад звыклых для яго хатніх абставін, паглыбіцца ў новы кантэкст і даследаваць яго, здабыць новыя кантакты і рэалізаваць новы твор – на мясцовым матэрыяле і з мясцовымі мастакамі. Гэта цікавая, выйгрышная і трохі прыгодніцкая сітуацыя як для саміх мастакоў, гэтак і для інстытуцыяў, якія іх прымаюць. У гэтым годзе праз праграму CEC ArtsLink мы прынялі ў сябе Мікіту Кадана з Украіны і Вячаслава Ахунава з Узбекістана. Воля Сасноўская пабывала ў Ерэване, Антаніна Слабодчыкава ва Узбекістане. Сяргей Шабохін прыняў удзел у фестывалі public art «Арт Праспект – Бішкек: зялёныя зоны – новы подых». Для нашай – усё ж некалькі герметычнай – арт-супольнасці ў рэзідэнцыях заключаецца дадатковы плюс, а менавіта момант выхаду з гэтай самай герметычнасці ў прамым і пераносным сэнсе: праз мастацкія работы, заснаваныя на беларускім матэрыяле, у міжнародную арт-супольнасць трапляе інфармацыя пра Беларусь і яе мастацкае поле. Гэтак, сумесны праект Мікіты Кадана і Сяргея Шабохіна быў паказаны спачатку ў бары галерэі, а потым на выставе "Свята адмяняецца!" ў музеі Тычыны ў Кіеве (у рамках Кіеўскай біенале 2017). Арт-рэзідэнцыі мы б хацелі развіваць і ўмацоўваць надалей, нягледзячы на ​​тое, што ў параўнанні з калегамі з-за мяжы ў нас ёсць адзін істотны недахоп – адсутнасць уласнай прасторы для жыцця рэзідэнтаў. Калі хто-небудзь з вас, нашых чытачоў, хацеў бы дапамагчы ў стварэнні падобнай арт-рэзідэнцыі, мы былі б рады вашаму водгуку.

Дзіцячыя творчыя майстэрні, створаныя пры галерэі «Ў», з поспехам выпусцілі кнігу для дзяцей "Віцебская школа мастацтваў" і да канца гэтага года завяршылі работу па падрыхтоўцы новай кнігі для дзяцей пра творчасць Казіміра Малевіча.

Галерэя «Ў» прыняла ўдзел у «Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам», прадставіўшы працы Андрэя Лянкевіча, Уладзіміра Грамовіча і Захара Кудзіна. Нягледзячы на ​​тое, што ў нас шмат пытанняў да канцэпцыі і падачы Восеньскага салона, мы палічылі для сябе важным паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, бо яно заяўляецца як найбуйнейшая пляцоўка для прэзентацыі сучаснага мастацтва ў Беларусі на сённяшні дзень, а мы – пры ўмове, што нас не інструменталізуюць – карыстаемся любымі магчымасцямі прэзентацыі мастакоў галерэі. Гэтак, мы аказвалі ўсебаковую арганізацыйную падтрымку выставе "Бел-чырвоны-белы. Сучаснае беларускае мастацтва" ў цэнтры сучаснага мастацтва польскага Торуня.

У новы год мы ўступаем у чаканні вялікіх пераменаў. Мы спадзяемся бачыць вас па-ранейшаму сярод нашых партнёраў і ўдзельнікаў праектаў, мастакоў, куратараў, наведвальнікаў і гасцей. Як сказаў наш новы супрацоўнік, менеджэр праектаў галерэі, Багдан Хмяльніцкі – у Новым годзе будзе нялегка, але неверагодна!  

Лена Прэнц
куратарка галерэі ў 2017 г.