Распечатано: 23.03.2019 04:07:44
http://ygallery.by/news/0012181/

З Новым 2019 годам! Вынікі галерэі за 2018 год.Снежань 31, 2018 | Галерэя «Ў»

Дарагія сябр_оўкі, калег_і і партнёр_кі!

2018 год стаў знакавым для каманды галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Улетку мы знайшлі новы прасторны дом і атрымалі доўгачаканую магчымасць рэалізоўваць у новай прасторы маштабныя праекты ў вобласці сучаснага мастацтва. Мы імкнемся быць максімальна адкрытымі і працаваць для ўсіх без выключэнняў!

У 2018 годзе ў выставачных праектах мы шмат казалі пра фарматы выключанасці і выключнасці.

У першай выставе «БЕЗ ВЫКЛЮЧЭННЯЎ! In Process” мы разглядалі розныя аспекты выключэння з сацыяльнага і культурнага жыцця. Мы вельмі радыя прыезду са Швецыі мастачкі Ірыны Ануфрыевай, якая паказала 6-гадзінны перформанс «Замест танцаў». Вялікі дзякуй усім маста_чкам, куратар_кам і ўдзельні_цам суправаджальнай праграмы гэтага праекта.

У жніўні галерэя паказала сольны праект мастака Уладзіміра Грамовіча «Калі камяні…», куратарам якой выступіў Аляксей Барысёнак.

У верасні галерэя выступіла партнёрам асноўнай выставы ў рамках Мінскага Месяца Фатаграфіі. Дзякуем Андрэю Лянкевічу і ўсёй камандзе МФМ за шматгадовую супрацу і нязменна высокую якасць фестываля.

У кастрычніку галерэя адкрыла доўгачаканы і вельмі важны для ўсіх нас даследчы праект “ZBOR In Progress”, які сабраў на адной пляцоўцы знакавыя працы беларускага сучаснага мастацтва апошніх 30 гадоў з удзелам больш за 50 маста_коў. Мы дзякуем куратарам праекта Максіму Тымінько і Андрэю Дурэйку, працоўную групу праекта ZBOR і ўсіх маста_чак, якія прынялі ўдзел у выставе.

Напачатку снежня Амбасада Германіі ў Беларусі правяла выставачна-дыскусійны праект «». Дзякуем куратарам праекта Аляксею Братачкіну, Аксане Жгіроўскай і ECLAB за сучасны погляд на гісторыю і насычаную суправаджальную праграму!

Таксама напачатку снежня ГА «Радзіслава» правяла ў малой зале галерэі выставу аб праблеме хатняга гвалту «Традыцыйныя каштоўнасці». Тамсама адбылася адна з ключавых дыскусій руху «Маршыруй, дзетка».

У 2018 годзе ў партнёрстве з CEC Artslink мы рэалізавалі дзве мастацкія рэзідэнцыі. У чэрвені адбылася рэзідэнцыя азербайджанскага фатографа Элтаджа Зейналава, чыя супольная праца з мастаком і куратарам Міхалам Гуліным была прадстаўлена ў рамках першай выставы ў новай прасторы. У кастрычніку нашай рэзідэнткай стала ўкраінская куратарка і даследчыца Ася Сеніна, якая працавала над ідэяй календара гісторыі сучаснага беларускага мастацтва.

З аднаўлення працы ў новай прасторы ў партнёрстве з ГА «БелАПДІіМІ» мы пачалі рэалізацыю доўгатэрміновай адукацыйнай праграмы па інклюзіўным узаемадзеянні і падыходах да арганізацыі культурных імпрэзаў/медыяцыі з улікам патрэбаў людзей з інваліднасцю. З восені стартаваў чацвёрты курс адукацыйнай праграмы для менеджараў у вобласці культуры і сацыяльна-арыентаваных праектаў «ArtPlatform», што рэалізуецца ў партнёрстве з European Cultural Foundation. На Каляды ў якасці падарунка нашай юнай аўдыторыі выйшла кніга па гісторыі Парыжскай школы, створаная камандай Творчых майстэрняў галерэі “Ў” пры падтрымцы Белгазпрамбанкп і краўдфандынг-платформы “Ulej”.

Асобна хочам падзякаваць партнёраў, дзякуючы падтрымцы якіх мы з большай упэўненасцю рэалізоўвалі задуманае і спакайней спалі))) Дзякуем за падтрымку: Vondel, Вока-Дока, МТС, Беларускаму Народнаму Банку, SPP, Huawei, Амбасадзе Германіі ў Рэспубліцы Беларусь, Амбасадзе Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытуту імя Гётэ ў Мінску і персанальна дырэктару Інстытута Якабу Рачэку, vsl Kulturos Ambasada, CEC Artslink, European Cultural Foundation, Fundacja Villa Sokrates, ArtMode Style і фарбам Little Greene.

Нашы выдатныя сябр_оўкі і партнёр_кі з медыя-сферы – велізарны дзякуй за цікавасць да нашых праектаў і інфармацыйную падтрымку!

Дзякуй усёй камандзе галерэі, валанцёр_кам за запал, самаадданасць і гатоўнасць эксперыментаваць, а гасц_ям галерэі за нязменную і высокую цікаўнасць да сучаснага мастацтва і працэсаў, што адбываюцца ў дадзенай сферы, за давер і вашу падтрымку!

Зычым ўсім яркага і творчага новага года і па традыцыі ўздымае келіх пеністага за Мастацтва і безумоўнае каханне!

Фота: Віялета Саўчыц, 34mag.net