Запрашэнне прыняць удзел у Шостым фатаграфічным фестывалі “Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2019”
Дарагія калегі!
Запрашаем вас падаць заяўку на ўдзел у Шостым фатаграфічным фестывалі “Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2019”. Цяпер мы рыхтуем праграму фестывалю, які пройдзе традыцыйна ў верасні, і будзем надзвычай рады абмеркаваць вашыя прапановы для асноўнай ці паралельнай праграмы на тэму “Гісторыя”.
Тэма “Гісторыя” ўздымае праблему: як канструююцца і функцыянуюць гістарычныя наратывы, а таксама якая роля фатографа ў фіксацыі і фармаванні гэтых наратываў?
Тэма раздзеленая на тры вялікія секцыі.
1. Сацыяльная харэаграфія: у гэтым раздзеле раскрываецца тэзіс пра тое, што нашае цела таксама фармуецца праз палітычны, сацыяльны, ідэалагічны ці культурны кантэкст. Фатаграфія паказвае, як эстэтычна ствараецца, падмацоўваецца і рэпетуецца сацыяльны парадак ці як цялесна зарганізаваны супраціў гэтаму парадку.
2. Рэ/дэканструкцыя гісторыі: разбіраючы ці, наадварот, збіраючы, быццам канструктар, фатаграфію, мастакі паказваюць нам сацыяльны канструктывізм любога гістарычнага наратыву, яго неаб’ектыўнасць, а ў выніку – яго ўмоўнасць.
3. Зазоры гісторыі: гэта падзеі, якія аказаліся на перыферыі гісторыі. Звяртаючы ўвагу на малазначныя факты, мастакі прапаноўваюць нам па-новаму паглядзець на гісторыю.
Мы запрашаем галерэі, музеі і куратараў узяць удзел у фестывалі. Чакаем фатаграфічных праектаў, прысвечаных заяўленай тэме “Гісторыя”.
Падаць заяўку.
1. Запоўніць анкету з апісаннем канцэпцыі выставы да 30 сакавіка 2019 года.
2. З усімі пытаннямі звяртацца: photographyminsk@gmail.com.
3. Працоўныя мовы – беларуская, руская.
У верасні пройдзе шосты з ліку Месяц фатаграфіі ў Мінску – самы маштабны і значны фатаграфічны фестываль Беларусі. Месяц фатаграфіі – адкрытая пляцоўка для дыскусіяў і абмену ведамі прафесійнай супольнасці, аматараў фатаграфіі і шырокай публікі. Беларускія куратары і фатографы падзеляцца сваім досведам рэалізацыі праектаў, а запрошаныя замежныя эксперты пашыраць адукацыйную праграму фестывалю майстар-класамі і лекцыямі.
Для вёрсткі:
- самы вялікі фатаграфічны фестываль у Беларусі
- праходзіць з 2013 года
- за гэты час фестываль наведалі 40 000 чалавек
- 12 краінаў-удзельніц
- асвятленне ў галоўных СМІ
Перавагі ўдзелу:
● вялікі ахоп і прыцягненне наведнікаў
● прасоўванне ў СМІ
● аповед пра вас у сацыяльных сетках МФМ («Фэйсбук», «Інстаграм», «УКантакце»)
● расказ пра пляцоўку на сайце МФМ і ў рэкламнай прадукцыі
● запрашэнне адмысловых гасцей у якасці лектараў і экспертаў
З павагаю,
каманда Месяца фатаграфіі ў Мінску