Распечатано: 19.06.2019 15:45:39
http://ygallery.by/news/0012202/

Запрашэнне прыняць удзел у Шостым фатаграфічным фестывалі “Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2019”Сакавік 20, 2019 | Галерэя «Ў»

Дарагія калегі!

 

Запрашаем вас падаць заяўку на ўдзел у Шостым фатаграфічным фестывалі “Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2019”. Цяпер мы рыхтуем праграму фестывалю, які пройдзе традыцыйна ў верасні, і будзем надзвычай рады абмеркаваць вашыя прапановы для асноўнай ці паралельнай праграмы на тэму “Гісторыя”.

 

Тэма “Гісторыя” ўздымае праблему: як канструююцца і функцыянуюць гістарычныя наратывы, а таксама якая роля фатографа ў фіксацыі і фармаванні гэтых наратываў?

 

Тэма раздзеленая на тры вялікія секцыі.

 

1. Сацыяльная харэаграфія: у гэтым раздзеле раскрываецца тэзіс пра тое, што нашае цела таксама фармуецца праз палітычны, сацыяльны, ідэалагічны ці культурны кантэкст. Фатаграфія паказвае, як эстэтычна ствараецца, падмацоўваецца і рэпетуецца сацыяльны парадак ці як цялесна зарганізаваны супраціў гэтаму парадку.

2. Рэ/дэканструкцыя гісторыі: разбіраючы ці, наадварот, збіраючы, быццам канструктар, фатаграфію, мастакі паказваюць нам сацыяльны канструктывізм любога гістарычнага наратыву, яго неаб’ектыўнасць, а ў выніку – яго ўмоўнасць.

3. Зазоры гісторыі: гэта падзеі, якія аказаліся на перыферыі гісторыі. Звяртаючы ўвагу на малазначныя факты, мастакі прапаноўваюць нам па-новаму паглядзець на гісторыю.

 

Мы запрашаем галерэі, музеі і куратараў узяць удзел у фестывалі. Чакаем фатаграфічных праектаў, прысвечаных заяўленай тэме “Гісторыя”.

 

Падаць заяўку.

 

1. Запоўніць анкету з апісаннем канцэпцыі выставы да 30 сакавіка 2019 года.

2. З усімі пытаннямі звяртацца: photographyminsk@gmail.com.

3. Працоўныя мовы – беларуская, руская.

 

У верасні пройдзе шосты з ліку Месяц фатаграфіі ў Мінску – самы маштабны і значны фатаграфічны фестываль Беларусі. Месяц фатаграфіі – адкрытая пляцоўка для дыскусіяў і абмену ведамі прафесійнай супольнасці, аматараў фатаграфіі і шырокай публікі. Беларускія куратары і фатографы падзеляцца сваім досведам рэалізацыі праектаў, а запрошаныя замежныя эксперты пашыраць адукацыйную праграму фестывалю майстар-класамі і лекцыямі.

 

Для вёрсткі:

- самы вялікі фатаграфічны фестываль у Беларусі

- праходзіць з 2013 года

- за гэты час фестываль наведалі 40 000 чалавек

- 12 краінаў-удзельніц

- асвятленне ў галоўных СМІ

 

Перавагі ўдзелу:

 

●       вялікі ахоп і прыцягненне наведнікаў

●       прасоўванне ў СМІ

●       аповед пра вас у сацыяльных сетках МФМ («Фэйсбук», «Інстаграм», «УКантакце»)

●       расказ пра пляцоўку на сайце МФМ і ў рэкламнай прадукцыі

●       запрашэнне адмысловых гасцей у якасці лектараў і экспертаў

 

З павагаю,

 

каманда Месяца фатаграфіі ў Мінску