Рубрыкi
Арэнда прасторы
Навіны
Травень 13, 2019 | Галерэя «Ў»

Бязмежнiкi. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва

"Бязмежнiкi" – гэта тыя, хто аказваецца за межамі афіцыйнай гісторыі мастацтва, тыя, да каго любыя азначэнні ў выглядзе "аўтсайдар-арт", "арт-брут", "дэвіянтнае мастацтва" ці "мастацтва асаблівых мастакоў" выяўляюцца альбо недастатковымі, альбо празмернымі.

Выстава "Бязмежнiкi" – гэта вынік даследавання беларускага мастацкага поля і памежных у дачыненні да яго дыскурсаў. У цэнтры ўвагі не толькі добра знаёмыя ўсім імёны мастакоў (Генадзь Хацкевіч, Аляксей Жданаў), але і малазнаёмыя аўтары і аўтаркі (Алег Лойка, Вікторыя Слізская, Віктар Кукушкін ды іншыя), якія ствараюць свае працы ў сценах дамоў-інтэрнатаў.

У працэсе даследавання была знойдзена калекцыя псіхіятра Віктара Феліксавіча Круглянскага, які працаваў у Навінках з 1963 па 1998 гады. У ёй былі працы Генадзя Хацкевіча, Аляксея Жданава, Вадзіма Кошкіна, Сяргея Кірушчанкі, а таксама творы пацыентаў доктара Круглянскага, што засталіся без аўтарскіх подпісаў. Усе працы прадстаўлялі асаблівую цікавасць для В. Круглянскага, які спрабаваў сфармаваць уласную калекцыю і архіў, у якім знайшлося б месца як для твораў прафесійных мастакоў, так і для малюнкаў яго пацыентаў.

Сёння можна вылучыць наступныя сучасныя калекцыі гэтага кірунку: калекцыя Дома-інтэрната №2 г. Мінска, калекцыя Дома-інтэрната №4 г. Мінска і "Збор дэвіянтнага мастацтва". Усе яны па-рознаму апісваюць уласную дзейнасць, па-рознаму называюць мастацтва сваіх творцаў (аўтсайдар-арт, дэвіянтнае мастацтва) і экспануюць іх працы.

Адна з асноўных мэт выставы "Бязмежнiкi" ў тым, каб сабраць у адной прасторы і прадэманстраваць спосабы і формы існавання мастацтва, якое на працягу дзесяцігоддзяў было нябачным і неапазнаным з боку мастацкіх інстытуцый, прафесійнай супольнасці, застаючыся пункцірнай лініяй на мапе магчымай гісторыі сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава "Бязмежнiкi" завяршае сабой праект "Без выключэнняў", што быў пачаты галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" у чэрвені 2018 года і скіраваны на актуалізацыю тэмы інклюзіўнага ўзаемадзеяння не толькі ў мастацкай, але і ў сацыяльнай прасторы.

Удзельнікі выставы:

  • Наталля Ажырэвіч
  • Ксенія Ангелава
  • Вікторыя Андрэеўская
  • Bazinato
  • Міхаіл Буліч
  • Уладзімір Гардыка
  • Сяргей Гудзілін
  • Аляксей Жданаў
  • Вікторыя Ільяшэвіч
  • Вера Iонікава
  • Вадзім Кошкін
  • Віктар Кукушкін
  • Канстанцін Ладошкін
  • Наталля Літвінава
  • Алег Лойка
  • Аляксей Ляпін
  • Генадзь Паўлоўскі
  • Святлана Слізская
  • Юрый Сяўрук
  • Гера Хагаева
  • Генадзь Хацкевіч
  • Аляксандр Шапавалаў
  •  

Куратаркі выставы:

  • Ганна Карпенка
  • Сафія Садоўская

 

Партнёры праекта:

  • Беларускі Збор Дэвіянтнага Мастацтва
  • ГУ "Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №2 г. Мінска"
  • ГУ "Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат"
  • Цэнтр праблем дзіцячага развіцця “Леванія”
  • Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці
  • НДА Kulturos Ambasada

 

Адкрыццё выставы "Бязмежнікі" адбудзецца ў суботу 11 траўня у 19:00 у галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Уваход на выставу па квітках, кошт 5 р./3 р.