Распечатано: 21.10.2019 05:59:43
http://ygallery.by/news/0012228/

"Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!" Як гэта было і што будзе далей?Верасень 17, 2019 | Галерэя «Ў»

Са студзеня па жнівень 2019 года мы займаліся рэалізацыяй праекта "Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!". Ён быў накіраваны на прыцягненне ўвагі да пытанняў дыскрымінацыі, сітуацый, калі людзі адчуваюць негатыўнае да іх стаўленне, прадузятасць, гвалт, несправядлівасць і пазбаўленне вызначаных правоў па прычыне прыналежнасці да пэўных сацыяльных ці ўзроставых груп.

Фазы праекта:

▪ глабальнае даследаванне вуліцы Кастрычніцкая на прадмет дружалюбнасці і даступнасці;

▪ правядзенне серыі трэнінгаў па розных пытаннях недыскрымінацыі для кіраўнікоў і супрацоўнікаў устаноў вуліцы;

▪ арт-выказванні мастакоў і мастачак на дадзеную тэму.

Асноўныя вынікі:

▪ мы атрымалі новыя веды і паглыбіліся ў тэму дыскрымінацыі;

▪ атрымалі фідбэк ад розных мэтавых аўдыторый па сваіх кафэ/рэстарацыях;

▪ пазнаёміліся з рэзідэнтамі вуліцы і сфармавалі мясцовую супольнасць, разам вырашылі пытанне асобнага збору смецця для некалькіх рэстарацый вуліцы;

▪ прыцягнулі новыя мэтавыя аўдыторыі на вуліцу;

▪ пачалі знаёміцца з мясцовымі ўладамі;

▪ прыцягнулі ўвагу да праекта агулам больш чым 20 000 тысяч чалавек (афлайн і анлайн).

Напрыканцы жніўня мы зладзілі фінальную дыскусію па праекту, разам з усімі жадаючымі абмеркавалі вынікі і паразважалі над тым, што можа зрабіць кожны жадаючы ў межах дадзенай тэмы.

На дыскусіі мы падзяліліся на дзве працоўныя групы, дзе абмеркавалі наступныя пытанні:

  1. у першай групе абмяркоўваліся:

▪ агучванне сацыяльных тэм праз арт;

▪ узаемадзеянне з мясцовай супольнасцю для вырашэння актуальных праблем.

2. у другой групе абмяркоўвалі:

▪ уключэнне людзей сталога ўзросту ў свае актыўнасці;

▪ працаўладкаванне людзей з інваліднасцю.

У выніку былі выпрацаваны наступныя ідэі, якія мы б хацелі пакінуць тут.

Спадзяемся, сярод сяброў, калег, каляжанак і яшчэ не знаёмых нам людзей знайсці жадаючых дапамагаць у іх рэалізацыі:

▪ весці статыстыку вуліцы і яе гісторыю, нейкі архіў вуліцы, вырашыць, як з ім можна працаваць далей;

▪ разглядаць вуліцу як арт-аб’ект: як надаць культурную каштоўнасць усім аб’ектам на вуліцы?

▪ практыкі Smart city і іх інтэграцыя ў развіццё вуліцы Кастрычніцкая;

▪ палепшыць навігацыю на вуліцы, распрааваць дызайн навігацыі і мапу вуліцы;

▪ экаактывізм, а дакладна – кампасціраванне, зяленыя дахі, гарадское азеляненне;

▪ каштоўнасці мясцовай супольнасці: як іх адшукаць і прасоўваць разам? (На прыкладзе Ужупіса);

▪ як рабіць вуліцу даступнай для людзей, якія не заўсёды могуць патраціць там грошы;

▪ прапанаваць уладам спецыяльныя гайды і экскурсіі па вуліцы: як правільна знаёміццы з артам вуліцы, што можна адразу не заўважыць, калі не ведаеш і г.д.

▪ прадумаць гейміфікацыю вуліцы;

▪ прадумаць большую колькасць грамадскіх прыбірален і сметніц на вуліцы;

▪ як зрабіць больш публічнай і даступнай інфраструктуру;

▪ што можна ладзіць у халодны перыяд году? (Напрыклад, узаемную калядную ярмарку на вуліцы Кастрычніцкая).

Зараз мы шукаем усіх, каму не ўсё роўна і хто хоча разам з намі будаваць адкрытую і недыскрымінацыйную вуліцу Кастрычніцкая!

Калі ў вас ёсць ідэі ці вы гатовыя дапамагчы нам у рэалізацыі якой-небудзь ідэі, апісанай вышэй, калі ласка, напішыце нам на скрыню info@ygallery.by.

Мы будзем вам вельмі рады!

Гэта толькі першыя крокі да недыскрымінацыйнасці. І мы не збіраемся спыняцца!

Праект "Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!" ініцыяваны літоўскай арганізацыяй Kulturos Ambasada і рэалізаваны пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Партнёры праекта: ГА "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам", РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Мінская Урбаністычная Платформа, MAKEOUT.