10 майстэрняў
Красавік 21, 2016 - Травень 31, 2016

Курс Міхаіла Гуліна "Публічная прастора і акцыянізм"

Майстэрня Міхаіла Гуліна "Публічная прастора і акцыянізм" пачнецца на прыканцы траўня з аўтарскай лекцыі ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў", прыём заявак працягваецца!

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прапануе ўнікальны адукацыйны праект "10 майстэрняў".

Праект складаецца з 10 аўтарскіх праграм, распрацаваных беларускімі мастакамі. Кожная праграма ўключае 6-дзённы закрыты практычны курс і адну публічную сустрэчу з аўтарам курса пры канцы праграмы.

Другі курс адукацыйнага праекта называецца "Публічная прастора і акцыянізм". Аўтар - Міхаіл Гулін. На працягу 6 дзён 5 чалавек атрымаюць непаўторную магчымасць практычнага даследавання грамадскай прасторы з дапамогай трох тэматычных блокаў: паблік-арт, акцыянізм, фатаграфія як метад дакументацыі. Удзельнікам праекта на прыкладзе Мінска прапануюць вывучыць мастацкі патэнцыял гарадской прасторы.

Выніковы праект майстэрні Міхаіла Гуліна сфармуецца зыходзячы з практычнага тыдня.

Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: людзі ад 18 гадоў, якія цікавяцца перфарматыўнымі практыкамі і тэмай паблік-арта ў мастацтве.

Курс змяшчае практычную частку ў форме шпацыру па Мінску. Просьба да ўдзельнікаў мець з сабой фотаапараты альбо відэакамеры.

Заяўка на ўдзел у курсе Міхаіла Гуліна складаецца з рэзюмэ і матывацыйнага ліста. Заяўку дасылаць на адрас: info@ygallery.by з пазнакай “Майстэрня Міхаіла Гуліна”.

Удзел - платны. Кошт курса 600 000 рублёў, (грошы забяспечваюць рэалізацыю праектаў у рамках аўтарскага курса), аплата праз касу галерэі “Ў”. Зыходзячы з матывацыйнага ліста кандыдата можа быць прапанаваны бюджэтны ўдзел у курсе Міхаіла Гуліна.

Міхаіл Гулін - мастак, куратар, акцыяніст.

Жыве і працуе ў Мінску. Скончыў Беларускую дзяржаўную Акадэмію мастацтваў, Гомельскі філіял Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава.

Куратар выставачных праектаў “Алфавіт” (2012, Карцінная галерэя Вашчанкі, Гомель, Беларусь) і “Палацавы комплекс” (2012, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомель, Беларусь) праекта "Прастора дыфузіі" БФ ДЦСІ (2015, мансарда казармы "Кронпрынц", Калінінград, Расія).

Аўтар работ, прадстаўленых у публічнай прасторы як "Я не ..." (2008), "Норка" (2010) і "Персанальны манумент" (2012).

Удзельнік міжнародных праектаў Going Public (2012), 8-га Міжнароднага сімпозіума "Аланіка" (2014), 6-ай Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва (2015).

Праект "10 майстэрняў" ажыццяўляецца пры падтрымцы НДА Kulturos Ambasada, Літва