10 майстэрняў
Лістапад 12, 2016 - Лістапад 17, 2016

Курс Жанны Гладко "Быць як "Я"

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прапануе ўнікальны адукацыйны праект "10 майстэрняў".

Праект складаецца з 10 аўтарскіх праграм беларускіх мастакоў. Кожная праграма распрацаваная адным з мастакоў і ўключае шасцідзённы закрыты практычны курс і адну публічную сустрэчу з аўтарам.

Восьмы курс адукацыйнага праекта называецца "Быць як "Я". Аўтапартрэт як спосаб самаідэнтыфікацыі. Катэгорыя Сілы – ідэнтыфікатар у вызначэнні межаў асобаснай ідэнтычнасці", аўтарам якога з'яўляецца Жанна Гладко.

На працягу 6 дзён удзельнікам будзе прадастаўлена магчымасць папрацаваць сумесна з мастачкай над сваiмi праектамi. Выкарыстоўваючы такія медыя, як фатаграфія, відэа. Вынiк дзейнасцi будзе паказаны на прэзентацыi пасля правядзення курсу.

Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: людзі, якія цікавяцца сучасным мастацтвам. Для ўдзелу ў курсе пажадана мець: ноутбук, фотаапарат.

Удзел у майстэрні бясплатны: удзельнікі курса самастойна забяспечваюць неабходныя матэрыялы для працы самой майстэрні альбо рэалізацыі выніковага праекта.

Заяўка на ўдзел у майстэрні Жанны Гладко павінна змяшчаць рэзюмэ і матывацыйны ліст на паўстаронкі. Заяўку дасылаць на адрас: info@ygallery.by з пазнакай "Майстэрня Жанны Гладко".

Дэдлайн 9 лiстапада. Колькасць месцаў абмежавана.

Месца правядзення курсу – прастора галерэi "Ў", прыблізны час працы: сярэдзiна дня (час працы майстэрні будзе вырашаны, зыходзячы з агульнага графіка ўдзельнікаў).

Пачатак курса – 12 лiстапада.

Жанна Гладко нарадзілася ў Мінску, Беларусь.

З 2002 па 2009 атрымлівала мастацкую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра Графікі). З 2010 года пачынае весці актыўную мастацкую дзейнасць, прымае ўдзел у беларускiх i міжнародных выставах. З'яўляецца мастачкай галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Жанна Гладко – прадстаўніца маладога пакалення мастакоў, якая працуе пры дапамозе разнастайных медыя з актуальнымi тэмамi. Усе працы мастачкі праз стратэгію канструявання амбівалентных вобразаў накіраваны на пераасэнсаванне / дэканструкцыю маштабных паняццяў, такіх як гендэрная палітыка і патрыярхат, рэлігія і культура, сістэма мастацтва і грамадства. Пры гэтым Жанна Гладко прафануе і адначасова актуалізуе / ўзмацняе тэмы, ў тым ліку з дапамогай стратэгіі даследавання iх праз прыватны вопыт. Пачынаючы з 2011 года мастачка працуе над серыяй аўтапартрэтаў, у якіх рэ-актуалізуе разнастайныя балючыя тэмы, завастраючы iх праблематыку праз разгляд катэгорыі Сілы.

Фота: Жанна Гладко, у працэсе падрыхтоўкі да выставы "Усё, што цвёрдае, раствараецца ў паветры" (куратар А. Барысёнак), 2015.

Праект "10 майстэрняў" ажыццяўляецца пры падтрымцы НДА Kulturos Ambasada, Літва