Праекты
Арэнда прасторы
Выставы ў бары
Студзень 25, 2011 - Сакавік 05, 2011

Графіка Наталлі Слушко

З 25 студзеня па 5 сакавіка 2011 года галерэя «Ў» і бар «Малако» прэзентуюць выставу графікі Наталлі Слушко.

Падары свету сваю ўсмешку
Мары. Нашы мары…


Як белы аркуш паперы. Часам толькі штрыхі і контуры. Часам усё прамалявана да найдрабнейшых падрабязнасцей. Дзівосныя істоты і рэальныя твары. Вобразы ў агульных рысах, намёкі… але некаторыя дэталі ўжо такія дакладныя. Вейкі, кудзеркі, абцасікі… Акно, акуляры і чаравікі…

Мары…

Як кніга ў дзяцінстве. Як кніга для размалёўвання. Столькі прасторы для фантазіі! Бо конь можа быць любога колеру. А вочы — якой заўгодна велічыні! Альбо, можа, з туману раптам выгляне вожык…

Мары. Нашы мары.

Як дзіцячыя сны. З казачнымі звярамі, добрымі чараўнікамі і роднымі бабулямі. Вясёлыя і маркотныя, смешныя і сур’ёзныя… Каляровыя, стракатыя, пяшчотныя і дзёрзкія. У нашых марах усё магчыма! Сны да паўдня і шпацыры пад месяцам… Кветкі ўзімку і вішня прыгаршчамі…

Мары…

Наташа пра жыццё:

«Самы радасны час – перыяд навучання. Вучыцца заўжды любіла, было цікава і змястоўна. Хаця… На кожным этапе жыццёвага шляху свае радасці і свой досвед. Жыццё вучыць.

Колькі сябе памятаю – увесь час малюю. Гэта як дзённік. Хтосьці піша, а хтосьці спяшаецца намаляваць свой пацешны свет, прыдумаць казкі пра тое, якое забаўнае і цудоўнае жыццё. Кожнае яго імгненне, кожны позірк – унікальныя. Усе людзі, па сутнасці сваёй, – добрыя. Не бойся адкрывацца сам, дары свету сваю ўсмешку.

На жаль, жыццё перапісаць нельга. Ёсць толькі тое імгненне, якое зараз. Усміхайцеся, усміхайцеся заўжды! Атрымлівайце радасць ад таго, што можна сказаць камусьці прыемнае слова. Зрабіце гэта – і вы ўбачыце, як навокал змяняюцца і квітнеюць твары людзей, становіцца цёпла і радасна! Жыццё па сваёй сутнасці простае. Яго не трэба ўскладняць. Не трэба нічога баяцца. Спяшайцеся жыць! Бачыць жыццё, удыхаць паветра, радавацца смачнай ежы, вадзе, гукам, пахам і адчуванням…»

Наталля Слушко, мастачка

Нарадзілася ў 1973 годзе, вучылася ў мастацкім ліцэі, затым у мастацкай вучэльні. Закончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці дызайнер інтэр’ераў. Пасля 25 гадоў выявілася цяжкое генетычнае захворванне – хвароба Бартэра-Гітэльмана (парушэнне абмену рэчываў, вымыванне з арганізма мікраэлементаў, электралітаў). Наталля ўжо 6 гадоў на дыялізе. Зараз, у 37 гадоў, яна важыць 30 кг пры росце 176 см. Ад дыялізу – наймацнейшы астэапароз (ламаюцца рэбры).

Па пытаннях набыцця карцін звяртацца па тэлефоне (029) 620-10-62.

Паглядзець працы ў продажы

P.S. Калектыў галерэі «Ў» выказвае спачуванні сваякам і сябрам Наталлі Слушко