Выставы ў бары
Красавік 02, 2013 - Красавік 28, 2013

Праект “Фрагменты”

4 - 28 красавіка 2013

Бар "Ў"

Цягам красавіка ў бары "Ў" у межах калектыўнай выставы ”Структурызацыя” 20 маладых мастакоў прадставяць праект “Фрагменты”

Успрыманне мастацтва – справа індывідуальная. Колькі б не пісалася крытычных матэрыялаў, колькі б дыскусіяў не вялося, але ацэньваючы чыюсьці творчасьць глядач кіруецца найперш уласным досведам і яго меркаванне можа не супадаць з меркаваннем аўтара і спецыялістаў - мастацтвазнаўцаў. Пакінуты сам-насам  са сваімі непрафесійнымі рэакцыямі, наведвальнік выставы  лёгка можа адчуць сябе чужым сярод найноўшых тэндэнцыяў  і напоўненых  прыхаванымі  сэнсамі твораў.

Ці ёсць патрэба ў сувязі паміж мастаком і гледачом? Ці ёсць патрэба ва ўзаемным разуменні ды павазе?

Ёсць.

“Структурызацыя” - праект, скіраваны на пераасэнсаванне стасункаў паміж творцамі й публікай. Маладыя мастакі, якія ўдзельнічаюць у праекце, збольшага гатовыя да камунікацыяў. Знаходзячыся на стадыі свайго творчага станаўлення, яшчэ не абцяжараныя спрактыкаванасцю ды залішняй дасведчанасцю, яны не  хаваюць сваіх думак, лёгка дзеляцца  набалелым  і цалкам  адкрытыя  для дыялогу. Старое, запыленае пытаньне “Што хацеў сказаць аўтар?” тут не дарэчы. Сам аўтар разбурае рамантычную непасцігальнасць мастацтва, сакралізацыю сэнсаў, багатую інфарматыўнасць сваіх твораў.

Праект “Фрагменты” такім чынам выступае ў якасці прадмовы да асноўнай выставы “Структурызыцыя”.

Дваццаць маладых мастакоў вылучаюць са сваіх працаў нейкія найбольш характэрныя элементы, дэталі, якія ў той ці іншай ступені ўласцівыя кожнаму творцы.

Сэнсавая насычанасьць саміх твораў адыходзіць на другі план, у кадр трапляе адно фрагмэнт, голая эстэтыка. Фармат паштоўкі тут перш-наперш закліканы падкрэсліць гэтую ненавязлівасьць, у нейкай ступені паіранізаваць над звыклай грувасткай сістэмай узаемаадносін мастака і аўдыторыі, неабходнасці пасрэднікаў для ўспрымання твора.

Паштоўку можна набыць, напісаць колькі радкоў і закінуць у скрынку, паслаць блізкаму чалавеку просты мастацкі мэсэдж, падзяліцца эмоцыямі, быць шчырым.

Такая адкрытасьць і скіраванасьць да дыялогу і ёсць мэтай “Фрагментаў”. Спроба на нейкі час перапыніць канфлікт паміж мастакамі й гледачамі, падпісаць нешта накшталт мірнага пагадненьня. Магчыма, яно паспрыяе пачатку паўнавартаснай, насычанай дыскусіі падчас асноўнай выставы праекту “Структурызацыя”, якая пройдзе ў галерэі Ў у траўні.

Прадстаўленыя на выставе паштоўкі можна будзе набыць у краме Ў

Шчыра запрашаем!