Дзіцячыя творчыя майстэрні
Чэрвень 01, 2016 - Чэрвень 05, 2016

Інтэрактыўная выстава для дзяцей і ўсёй сям'і "Ідзі і са-твары!"

1 – 5 чэрвеня 2016

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Інтэрактыўная выстава для дзяцей і ўсёй сям'і "Ідзі і са-твары!"

Адкрыццё выставы 1 чэрвеня ў 18.00.

З 1 па 5 чэрвеня Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" ператворыцца ў сапраўдную лабараторыю творчых эксперыментаў. У гонар пачатку канікул "Дзіцячыя творчыя майстэрні" запрасілі чатырох маладых творцаў і аддалі ім усю галерэйную прастору. Кожны з іх абярэ для сябе адну са сцэн, дзе задасць пачатак творчага парыву ў сваёй стылістыцы. А юныя наведвальнікі яго падхопяць і створаць нешта агульнае. Штодня выстава будзе трансфармавацца і здзіўляць гледачоў.

Адкуль мастакі бяруць натхненне? Можа ў іх ёсць чароўны апарат, які з паветра робіць вельмі чыстае натхненне, ці таемны сейф, у якім захоўваюцца запасы гэтага асаблівага пачуцця? Мы папрасілі мастакоў падзяліцца з намі гэтай далікатнай субстанцыяй. 

На выставе "Ідзі і са-твары!" не будзе карцін і скульптур, якіх нельга чапаць рукамі, ніхто не скажа: "не бегай" і "не чапай". А будуць белыя сцены, якія так і просяць: "Намалюй! Наляпі! Напішы!". Мастакі толькі дадуць імпульс і паставяць задачы перад дзецьмі, якія ўжо створаць свае адказы і стануць са-аўтарамі і са-куратарамі выставы.

Галерэйная прастора будзе падзелена на 4 тэматычныя зоны:

- Зону графікі створыць мастак і выкладчык "Дзіцячых Творчых Майстэрняў" Bazinato

- Зону street art створыць мастак Міхась Мішук, вядомы сваімі папяровымі графіці, якія можна ўбачыць у горадзе

- Зону тэкстаў створыць пісьменнік Павел Касцюкевіч

- Зону гукаў створыць музыкант OdeB. Падчас выставы будуць запісвацца і архівавацца гукі, з якіх потым музыкант створыць трэкі. 

Паралельная праграма выставы:

1 Чэрвеня (18:30) - майстар-клас ад Bazinato

2 Чэрвеня (18:00) - майстар-клас ад Паўла Касцюкевіча

3 Чэрвеня (18:00) - майстар-клас ад Міхася Мішука

4 Чэрвеня (18:00) - музычныя эксперыменты разам з OdeB

5 Чэрвеня (12:00-18:00) - штогадовы сямейны экалагічны фестываль "Зялёны weekend".

З 1 па 4 чэрвеня ўваход на выставу і ўдзел у майстар-класах бясплатны

Уваход на экалагічны фестываль 50.000 для дзяцей і для дарослых