Распечатано: 19.09.2017 23:42:22
http://ygallery.by/projects/majsterni/0011460/

Курс "Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя" для дзяцейЛюты 12, 2017 - Травень 31, 2017

З 12 лютага "Дзіцячыя творчыя майстэрні" Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" працягнуць курс "Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя" для дзяцей.

Што мы ведаем пра тых, хто ствараў свае карціны, скульптуры, інсталяцыі 20, 50, 100 гадоў таму тут, у Беларусі? Што іх натхняла, пра што яны марылі, як стваралі свае працы? Як гэта паўплывала на нашу культуру? Пра гэта дзеці даведаюцца падчас нядзельных заняткаў, кожнае з якіх традыцыйна складаецца з двух частак - мастацтвазнаўчай і практычнай. Спачатку дзеці ў лёгкай адаптаванай форме даведаюцца пра мастака, пагуляюць у розныя крэатыўныя гульні, а потым на аснове творчасці таго ці іншага мастака створаць свае малыя і вялікія "шэдэўры", папрактыкуюцца ў розных тэхніках (маляванне, калажы, лепка, аплікацыя ды інш.).

Што атрымае ваша дзіця ад гэтых заняткаў?

- веды пра выбітных беларускіх мастакоў

- пашыраны кругагляд і разуменне сучаснага мастацтва

- уменне адрозніваць стылі і напрамкі

- аналітычнае і крытычнае мысленне

- праз гульні - натрэніраваную памяць

- мора пазітыўных уражанняў ад заняткаў непасрэдна ў галерэі сучаснага мастацтва

Вядоўцы курса: Мастацтвазнаўца Сафія Садоўская. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, прайшла практыку ў Музеі выяўленчага мастацтва імя Аляксандра Пушкіна, працавала ў Нацыянальным Мастацкім Музеі Рэспублкі Беларусь, тамсама была вядоўцам дзіцячых экскурсіяў у межах вялікага выставачнага праекту Zabor. Непасрэдная суарганізатарка і вядучая куратарка “Дзіцячых твочых майстэрняў”. Прайшла анлайн-курс па інтэрактыўнаму вывучэнню мастацтву дзетак і дарослых (музей "MOMA", Нью-Ёрк, ЗША).

Аўдыёвізуальны мастак і даследчык Bazinato. Грамадскі актывіст. Скончыў Беларускі Дзяржаўны Педагагічны Універсітэт імя Максіма Танка. Вучыўся ў Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце на факультэце візуальнага дызайну і медыя (Вільня, Літва). Удзельнік шматлікіх выставаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Вядоўца аўтарскіх курсаў па стварэнні кнігі, вывучэнні дызайна і архітэктуры з кардону ў межах “Дзіцячых творчых майстэрняў” у галерэі “Ў”. Вядоўца творчых майстэрняў у межах праекту Autism Inside Out. Куратар фестывалю творчых практык і крытычных ведаў “Багна”. Трэнер школы экалагічнага актывіста “Ш.Э.А.”

“Дзіцячыя творчыя майстэрні” – праект Галерэі “Ў”, створаны для дзетак ад 7 да 12 гадоў, асноўная мэта якога – раскрыццё творчага патэнцыялу і развіццё вобразнага мыслення маленькага чалавека праз вывучэнне розных мастацкіх тэхнік, знаёмства з гісторыяй мастацтваў, а таксама з сапраўднымі мастакамі, куратарамі, мастацтвазнаўцамі, дызайнерамі, пісьменнікамі, паэтамі і музыкамі. “Дзіцячыя творчыя майстэрні” існуюць 4 гады. За гэты час было створана 6 паўнавартасных курсаў для дзетак і 8 тэматычных фестываляў.

Пачатак заняткаў з 12 лютага

Узрост 7-12 гадоў

Штонядзелі з 13.00 да 14.30

Кошт аднаго занятка: 10 рублёў, папярэдні запіс абавязковы

Даведкі і запіс па тэлефоне +375 33 3035960

Пацікавіцца таксама можна тут

dtm@ygallery.by