Выставы ў малой залі
Травень 25, 2012 - Чэрвень 15, 2012

Персанальная выстава маладой мастачкі Васілісы Палянінай-Календа “Алюзіі на мастацтва”

25 траўня - 15 чэрвеня 2012 года

Малая зала Галерэі сучаснага мастацтва "Ў"

Персанальная выстава маладой мастачкі Васілісы Палянінай-Календа “Алюзіі на мастацтва”.

“Алюзіі на мастацтва” – серыя графічных прац, якая звяртаецца ў роўнай ступені да пачуццёвых выяў і тэхнічных сродкаў, адлюстроўвае замілаванне жаночымі вобразамі, а таксама колерамі і фактурамі, якія можна атрымаць толькі працуючы ў такіх тэхніках, як ксілаграфія і монапрынт.

Спосаб стварэння прац прадугледжвае такое пераўтварэнне выявы, дзе адбываецца сплашчэнне аб’емаў, выраўноўванне фактур. Рэчы і з’явы робяцца роўнапраўнымі, бы стаяць на адной і той жа прыступцы і маюць аднолькавую вагу і каштоўнасць. Каханне, жаночае цела, колер фіранкі, шыбы, самота, тканіна ў краткі – усе аднолькава важна, усе мае роўныя правы, тоесны сэнс. Дзеля гэтага ў працах знікаюць дробязі і застаюцца толькі асноўныя моманты. А любая малазаўважная драбніца становіцца такім жа галоўным персанажам, як і цэнтральны прадмет ці фігура.

Васіліса ў сваім праекце "Алюзіі на мастацтва" мае на мэце паразважаць пра аспект намёка, пра магчымасць выражаць рэчы, якія, стаўшыся класікай, былі адрынуты сучаснасцю, быццам дасканала вывучаныя. Мастачка шукае асабістыя шляхі да вечных тэм і робіць шчырыя, адказныя малюнкі. Напружаныя, але безкульмінацыйныя працы – не з’яўляюцца вынікам жыццёвых даследванняў, але толькі пунктам у гэтых пошуках, кропкай на дарозе.

25 траўня  а 19-й гадзіне адбудзецца адкрыццё.

Да 15 чэрвеня працы будуць даступны для прагляду ў малой зале галерэі.