Выставы ў малой залі
Кастрычнік 25, 2012 - Лістапад 15, 2012

Праект Ганны Бундзелевай "UMBU UNGU. Этнаграфічны голад"

UMBU UNGU. Этнаграфічны голад

25.10-15.11.2012

праект Ганны Бундзелевай

Адкрыццё 25 кастрычніка а 19 гадзіне

Малая зала галерэі сучаснага мастацтва "Ў"

Чарговы праект ў малой зале галерэі сучаснага мастацтва "Ў" у гэты раз засяродзіць увагу гледача на творчасці маладой мастачкі Ганны Бундзелевай. Захапленне этнаграфічнымі вобразамі далёкіх краін, яскравыя каляровыя спалучэнні – гаворка ідзе пра серыю калажных прац “UMBU UNGU. Этнагарафічны голад”.

Ганна стварае свой свет дзіўных рэчаў: вынаходлівасць праз стэрыатыпы, супакой праз буйства, будзёнасць праз адкрытыя колеры. Ганна маніфестуе заморскімі далёкімі вобразамі, складае іх у калаж, спрабуючы вынайсці новую мову рэчам і з’явам. Калажнасць - як спосаб спалучэння розных самастойных карцінак, спроба дэлікатна звязаць ў адно самадастатковыя істоты, дадаць ім свае пачуцці і паверыць у іх, як у непрыложныя.

Ганна ніякім чынам не прывязвае свае творы да асяроддзя горада ці краіны, не супрацьстаўляе шэрасць восеньскіх колераў кастрычніка буйству афрыканскіх матываў. Усе вобразы – толькі яе асабісты свет, лакальны і закрыты, якім яна вырашыла падзяліцца з наведвальнікм выставы.

Колератэрапія і вобразапрэпарацыя – як спосаб дыялога з гледачом: першае не пакіне абыякавым, другое – дапаможа зразумець спосаб утварэння прац, прасачыць ланцужок думкі аўтара.

Бундзелева Ганна. Нарадзілася ў Мінску 29 лістапада 1986 года.

Вучылася ў БДУ, Дзяржаўным Інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій на кафедры мастацтваў. Спецыяльнасць - дызайнер. Вучылася ў мастацкай студыі Мізіна Канстанціна Аляксандравіча.

Тройчы прымала ўдзел у выставах студэнцкіх работ ART-Sessio ў Віцебску (2006, 07, 08). Займалася стварэннем сцэнаграфіі да спектакля "Зімы не будзе" для ўніверсітэцкага тэатра "На балконе".

Займаецца стварэннем ілюстрацый у часопіс сучаснай беларускай прозы «Макулатура». У снежні 2011 года ў ДК "La Mora" прайшла нефармальная выстава творчых работ.

Са студзеня 2012 года навучалася ў тэатральнай лабараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным Тэатры. 

Уваход вольны