Smart Art
Ліпень 28, 2011 - Жнівень 11, 2011

Раман Аксёнаў прэзентуе праект “Непасрэдныя”

8 ліпеня - 11 жніўня 2011

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і кампанія velcom

Прадстаўляюць праект Рамана Аксёнава “Непасрэдныя”

Конкурс для маладых мастакоў-пачаткоўцаў з Беларусі Smart Art, абвешчаны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" і кампаніяй velcom, працягвае прэзентацыю шасці канцэпцый, якія прайшлі на фінальны этап конкурсу. Другім прадставіць свой праект “Непасрэдныя” Раман Аксёнаў.

Праект "Непасрэдныя" ўяўляе з сябе сацыяльны эксперымент. Раман Аксёнаў запросіць у галерэю людзей, якія не звязаны з культурай, больш за тое: многія з іх ніколі не наведвалі мастацкія выстаўныя прасторы. Рэакцыя такіх персанажаў – "непасрэдных" – на эксперымент з’яўляецца асноўным аб’ектам вывучэння . Сябе мастак перайменаваў у "пасрэднага", то бок залежнага ад сістэмы мастацтва. З газетных абвестак і гарадскіх пошукаў, абяцаючы наведвальнікам "фуршэт і славу", мастак плануе адшукаць і прывабіць у галерэю зацікаўленых у мерапрыемстве жыхароў горада. Падчас "VIP-адкрыцця" гледачам будзе прапанавана паспрабаваць самастойна намаляваць нешта на палатне, падзяліцца сваім меркаваннем пра атрыманы досвед і сістэму мастацтва. Вынік эксперымента – палотны, аб’екты, дакументы, відэа-інтэрв’ю, выразкі з газет – будзе апублікаваны для шырокага гледача.

Выстава дэманструе класічны прыём сацыяльна ангажаванага мастацтва (якое таксама называюць мастацтвам узаемадачыненняў, relation art, калабарацыйным мастацтвам), калі глядач з’яўляецца стваральнікам твора, а мастак адыходзіць на другі "пасрэдны" план. Relation Art вельмі папулярны ў замежжы, ён прываблівае гледачоў сваім эксперыментатарскім духам і непрадказальным вынікам.

Гэта другая з шасці выставаў-канцэпцый, якія прайшлі на наступны ўзровень конкурсу Smart Art. Нагадаем, што 15 красавіка 2011 года журы конкурсу выбрала гэтыя шэсць канцэпцый з пяцідзесяці дасланых на конкурс. Разам з Раманам Аксёнавым на наступны этап прайшлі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Мікалай Бялько, Група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны), Група Gonzai (Андрэй Анкуда, Тарас Калягін, Павел Кедыч) і Таццяна Прудзіннік.

Экспертнае журы абярэ лепшы праект, які і стане пераможцам конкурсу. Імя пераможцы будзе абвешчана напрыканцы 2011 года на старонцы Конкурсу www.ygallery.by/smartart. Пераможца конкурсу для маладых мастакоў Smart Art выйграе права рэалізацыі персанальнай выставы ў галоўнай залі галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Выстава адбудзецца на пачатку 2012 года.

У склад прафесійнага журы ўвайшлі: Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Дзіна Цыбульская, Вольга Шпарага, Сяргей Кірушчанка.

Аргкамітэт конкурсу: куратар конкурсу — Сяргей Шабохін (мастак, арт-актывіст), каардынатар конкурсу — Ганна Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва "Ў").

Фотарэпартаж з адкрыцця