Праект Таццяны Прудзіннік “365 дзён сябе”
25 жніўня – 08 верасня 2011
Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" і кампанія velcom
Прадстаўляюць праект Таццяны Прудзіннік "365 дзён сябе"
Конкурс для маладых мастакоў-пачаткоўцаў з Беларусі Smart Art, абвешчаны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" і кампаніяй velcom, працягвае прэзентацыю шасці канцэпцый, якія прайшлі на фінальны этап конкурсу. Трэцяй прадставіць свой праект "365 дзён сябе" Таццяна Прудзіннік.
"365 дзён сябе" ўяўляе сабой татальны архіў, які складаецца з фатаграфій, тэкстаў і знойдзеных аб'ектаў. У аснову калекцыі лёг прынцып штодзённіка. Кожны дзень Таццяна Прудзіннік робіць фатаграфію на смартфон, замацоўвае вобраз вербальным каментаром і знойдзеным аб'ектам (ад талончыка на аўтобус, да зламаных навушнікаў). Прычым выкарыстанне рэдзі-мэйда неабходна мастаку для ўзмацнення дакументальнага характару фотаархіва. Калекцыя ўяўляе сабой не толькі жаданне класіфікаваць ўласнае жыццё, але і спробу рамантызаваць экзістэнцыянальную штодзённасць.
Таццяна Прудзіннік - журналіст па прафесіі - спрабуе разабрацца, дзе сканчаецца публічная прастора, звязаная з яе працай, і пачынаецца персанальная самаідэнтыфікацыя. Калекцыя "365 дзён сябе" збіраецца ўжо год і працягвае расці да гэтага часу.
Гэтае трэцяя з шасці выстаў-канцэпцый, якія прайшлі на наступны ўзровень конкурсу Smart Art. Нагадаем, што 15 красавіка 2011 году журы конкурсу выбрала гэтыя шэсць канцэпцый з пяцідзесяці, дасланых на конкурс. Разам з Таццянай Прудзіннік на наступны этап прайшлі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Раман Аксёнаў, Мікалай Бялько, група FAU (Іван Краўцоў, Арцем Паламаны) і група Gonzai (Андрэй Анкуда, Тарас Калягін, Павел Кедыч ).
Адкрыццё выставы 25 жніўня а 19-ай гадзіне, уваход вольны