Smart Art
Кастрычнік 08, 2011 - Кастрычнік 22, 2011

Мікалай Бялько праект “Трансфармацыя”

08 – 22 кастрычніка 2011

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" і кампанія velcom

Прадстаўляюць праект Мікалая Бялько “Трансфармацыя” (у межах конкурсу Smart Art)

Конкурс для маладых мастакоў-пачаткоўцаў з Беларусі Smart Art, абвешчаны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" і кампаніяй velcom, працягвае прэзентацыю шасці канцэпцый, якія прайшлі на фінальны этап конкурсу. Чацьвёртым прадставіць свой праект "Трансфармацыя" Мікалай Бялько.

Мікалай Бялько скончыў кафедру скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У сваім праэкце "Трансфармацыя", малады мастак аналізуе тую скульптурную спадчыну, якая прысутнічае ў гарадскім асяроддзі Мінска. Мастак вывучае скульптурныя традыцыі і іранізуе з іх. Мікалай Бялько задаецца пытаннямі: што такое скульптура ў публічнай прасторы сёння, як манументы ўзаемадзейнічаюць з гараджанамі, як павінны выглядаць сучасныя помнікі? Мастак спрабуе знайсці ўласную альтэрнатыву ўстояным канонам: напрыклад прапануе прысвячаць памятныя дошкі простым людзям, вывешваючы іх у спальных раёнах горада.

Гэта чацьвёртая з шасці выставаў-канцэпцый, якія прайшлі на наступны ўзровень конкурсу Smart Art. Нагадаем, што 15 красавіка 2011 года журы конкурсу выбрала гэтыя шэсць канцэпцый з пяцідзесяці дасланых на конкурс. Разам з Мікалаем Бялько на наступны этап прайшлі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Раман Аксёнаў, Таццяна Прудзіннік, група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны) і група Gonzai (Андрэй Анкуда, Тарас Калягін, Павел Кедыч).

Экспертнае журы абярэ лепшы праект, які і стане пераможцам конкурсу. Імя пераможцы будзе абвешчана напрыканцы 2011 года на старонцы Конкурсу www.ygallery.by/smartart. Пераможца конкурсу для маладых мастакоў Smart Art выйграе права рэалізацыі персанальнай выставы ў галоўнай залі галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Выстава адбудзецца на пачатку 2012 года.

У склад прафесійнага журы ўвайшлі: Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Дзіна Цыбульская, Вольга Шпарага, Сяргей Кірушчанка.

Аргкамітэт конкурсу: куратар конкурсу — Сяргей Шабохін (мастак, арт-актывіст), каардынатар конкурсу — Ганна Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва "Ў").

Прэзентацыя праекта “Трансфармацыя” працягнецца з 8 да 22 кастрычніка 2011 года ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Адкрыццё адбудзецца 8 кастрычніка а 19-й гадзіне, уваход вольны.