Smart Art
Снежань 08, 2011 - Снежань 22, 2011

Праект “Простая мова: Аўтапаэзіс” Андрэй Анкуда, Тарас Калягін

8 - 22 снежня 2011

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" і кампанія velcom

Прадстаўляюць праект групы Gonzai "Простая мова: Аўтапаэзіс"

Конкурс для маладых мастакоў-пачаткоўцаў з Беларусі Smart Art, абвешчаны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў"і кампаніяй velcom, працягвае прэзентацыю шасці канцэпцый, якія прайшлі на фінальны этап конкурсу. Апошняй прадставіць свой праект "Простая мова: Аўтапаэзіс" Андрэй Анкуда і Тарас Калягін.

Андрэй Анкуда і Тарас Калягін, атрымаўшыя не мастацкую, а тэхнічную адукацыю, прадставілі свой сумесны праект "Простая мова: Аўтапаэзіс". Яны таксама з'яўляюцца ўдзельнікамі групы Gonzai, у сферу дзейнасці якой уваходзіць праца з камунікацыйнымі медыя і дызайн. Мастакі працягнулі дзейнасць групы Gonzai, уключыўшы ў свой, прадстаўлены на конкурс праект, элемент інтэрактыўнасці і даследчы падыход. Праект накіраваны на вывучэнне самога працэсу ўзаемадзеяння чалавека з навакольнай рэчаіснасцю. Гледачу прапануецца выбраць пытанні, адказы на якія ён хацеў бы атрымаць, але на кожнае пытанне, як і ў жыцці, існуе некалькі адказаў. У працэсе ўзаемадзеяння праект выяўляе не толькі абстрактнае ўспрыманне рэчаіснасці, але і вечную залежнасць чалавека ад сістэмы.

Гэта апошняя з шасці выставаў-канцэпцый, якія прайшлі на наступны ўзровень конкурсу Smart Art. Нагадаем, што 15 красавіка 2011 года журы конкурсу выбрала гэтыя шэсць канцэпцый з пяцідзесяці дасланых на конкурс. Разам з групай FAU на наступны этап прайшлі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Мікалай Бялько, Раман Аксёнаў, Таццяна Прудзіннік и група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны).

Экспертнае журы абярэ лепшы праект, які і стане пераможцам конкурсу. Імя пераможцы будзе абвешчана напрыканцы 2011 года на старонцы Конкурсу www.ygallery.by/smartart. Пераможца конкурсу для маладых мастакоў Smart Art выйграе права рэалізацыі персанальнай выставы ў галоўнай залі галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Выстава адбудзецца на пачатку 2012 года.

У склад прафесійнага журы ўвайшлі: Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Дзіна Цыбульская, Вольга Шпарага, Сяргей Кірушчанка.

Аргкамітэт конкурсу: куратар конкурсу — Сяргей Шабохін (мастак, арт-актывіст), каардынатар конкурсу — Ганна Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва "Ў").

Адкрыццё адбудзецца 8 снежня а 19-й гадзіне, уваход вольны.