Smart Art
Люты 14, 2012 - Люты 29, 2012

Праект Рамана Аксёнава ”Непасрэдныя”

14 лютага - 1 сакавіка 2012

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і кампанія velcom

Прадстаўляюць праект-пераможца конкурсу для маладых мастакоў Smart Art "Непасрэдныя"

Праект "Непасрэдныя", які стаў пераможцам конкурсу Smart Art, уяўляе з сябе сацыяльны эксперымент. Раман Аксёнаў запрасіў у галерэю людзей, якія не звязаны з культурай, больш за тое: многія з іх ніколі не наведвалі мастацкія выстаўныя прасторы. Рэакцыя такіх персанажаў — "непасрэдных" — на эксперымент з’яўляецца асноўным аб’ектам вывучэння. Сябе мастак перайменаваў у "пасрэднага", то бок залежнага ад сістэмы мастацтва. З газетных абвестак і гарадскіх пошукаў, абяцаючы наведвальнікам "фуршэт і славу", мастак плануе адшукаць і прывабіць у галерэю зацікаўленых у мерапрыемстве жыхароў горада. Падчас "VIP-адкрыцця" гледачам было прапанавана паспрабаваць самастойна намаляваць нешта на палатне, падзяліцца сваім меркаваннем пра атрыманы досвед і сістэму мастацтва. Вынік эксперымента — палотны, аб’екты, дакументы, відэа-інтэрв’ю — будуць апублікаваны на выставе.

Выстава дэманструе класічны прыём сацыяльна ангажаванага мастацтва (якое таксама называюць мастацтвам узаемадачыненняў, relation art, калабарацыйным мастацтвам), калі глядач з’яўляецца стваральнікам твора, а мастак адыходзіць на другі "пасрэдны" план. Relation Art вельмі папулярны ў замежжы, ён прываблівае гледачоў сваім эксперыментатарскім духам і непрадказальным вынікам.

Конкурс быў заснаваны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" і кампаніяй velcom і адрасаваны маладым мастакам-пачаткоўцам з Беларусі (ад 16 да 30 гадоў уключна), якія працуюць у сферы сучасных візуальных мастацтваў. Пры гэтым аўтарскі выбар візуальных медыя, наяўнасць мастацкай адукацыі і ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі пры падачы заяўкі не мелі значэння.

Нагадаем, што 15 красавіка 2011 года журы конкурсу выбрала шэсць канцэпцый з пяцідзесяці дасланых на конкурс. Разам з Раманам Аксёнавым на наступны этап прайшлі група txyz.info (Саша Іўлеў, Воля Карэлькіна, Кацярына Шах), Мікалай Бялько, Група FAU (Іван Краўцоў, Арцём Паламаны), Таццяна Прудзіннік, дуэт Андрэя Анкуды і Тараса Калягіна. Раман Аксёнаў стаў пераможцам конкурсу і выйграў права рэалізацыі персанальнай выставы ў галоўнай залі галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

У склад прафесійнага журы ўвайшлі: Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Дзіана Цыбульская, Вольга Шпарага, Сяргей Кірушчанка. Аргкамітэт конкурсу: куратар конкурсу — Сяргей Шабохін (мастак, арт-актывіст), каардынатар конкурсу — Ганна Чыстасердава (арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва "Ў").

Адкрыццё адбудзецца 14 лютага а 19-й гадзіне, уваход вольны.