START
Ліпень 15, 2010 - Ліпень 31, 2010

Інсталяцыя Надзеі Макеевай Chrysalis

15 - 31 ліпеня 2010

Інсталяцыя Надзеі Макеевай Chrysalis

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў"

У межах праграмы START

Інсталяцыя Надзеі Макеевай Chrysalis створана ў межах праграмы START, заснаванай галерэяй сучаснага мастацтва "Ў". Праграма накіраваная на пошук і падтрыманне маладых аўтараў, а таксама арганізацыю ў галерэі іх першай персанальнай выставы.

Экспазіцыя Надзеі Макеевай Chrysalis створана паводле матываў апавядання Рэя Брэдбэры "Пераўтварэнне". Апавяданне размяркоўваецца на 22 аркушах такім чынам, каб візуальна падкрэсліць кампазіцыйную змену тэксту і падмацоўваецца шэрагам разнастайных аб’ектаў: фатаграфічныя калажы,  інструменты і мадэлі коканаў. "Гэта своеасаблівае пераасэнсаванне твору і развагі на тэму станаўлення чалавека на новым вітку эвалюцыі, якая змяняе арганізм з сярэдзіны і чыніць невыносны душэўны і фізічны боль, – тлумачыць Надзея. – Праект пра метамарфозы, якія адбываюцца ўнутры чалавека, пра ягонае перараджэнне і змену ўнутраных органаў у перыяд трансфармацыі. Крызаліс, Кукалка, абараняе чалавека ад вонкавага свету. Але наступіць момант, калі давядзецца выйсці вонкі. Ці можа істота, якая "вылупілася", усё яшчэ называцца чалавекам, і як успрыме "нованароджанага" атачэнне? Найбольш чаканая рэакцыя на таго, хто моцна адрозніваецца ад іншых, – страх і агрэсія".

Перавага чырвонага колеру, агрэсіўная форма інструментаў, фізіялагічнасць некаторых аб’ектаў – мастак не захапляецца таінствам пераўтварэння, а вобразна падкрэслівае жорсткасць і балючасць перараджэння і трансфармацыі. Аўтар не спрабуе адмовіцца ад празмернага наратыву і вобразнасці ды з гатоўнасцю мабілізуе знакавую сістэму, каб адкрыта выказацца супраць варожасці навакольнага свету.

Сяргей Шабохін, каардынатар праграмы START