START
Красавік 19, 2010 - Красавік 25, 2010

Інсталяцыя Жанны Гладко ”Амбівалентнае”

19 - 25 красавіка 2010

Інсталяцыя Жанны Гладко "Амбівалентнае"

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў"

У межах праграмы START

Інсталяцыя Жанны Гладко "Амбівалентнае" створана ў межах праграмы START, запачаткаванай галерэяй сучаснага мастацтва "Ў". Праграма накіравана на пошук і падтрымку маладых аўтараў, арганізацыю ў галерэі іх першай персанальнай выставы.

Канцэпцыя амбівалентнага з’яўляецца ключом да разумення інсталяцыі, дзе кожны візуальны вобраз надзяляецца супрацьлеглымі інтэрпрэтацыямі.

Экспазіцыя, падрыхтаваная спецыяльна для гэтай выстаўнай прасторы, складаецца з трынаццаці сегментаў, кожны з якіх уключае стужку з тканіны з надрукаванай графічнай выявай і чорную цагліну з выразаным тэкстам. Усе часткі злучаныя паміж сабою ў сэнсаўтваральны ланцужок у выглядзе слоўных аўтарскіх асацыяцый, падмацаваных візуальнымі вобразамі. Мастачка падабрала словы гэтак, што іх значэнне ажыццявіла поўнае кола пераўтварэнняў ад "пустаты" з негатыўным зместам да "пустаты" з супрацьлеглай характарыстыкай такім чынам, каб у цэнтры асацыятыўнага шэрагу знаходзіўся ўраўнавальны панятак "кахання". Канцэпцыя амбівалентнага з’яўляецца ключом да разумення інсталяцыі, дзе кожны візуальны вобраз — ці гэта свечка, ці сабака, ці люстэрка — надзяляецца супрацьлеглымі інтэрпрэтацыямі.

Інсталяцыя створана такім чынам, што на яе верхнім узроўні размешчаны шэраг "акадэмічных" фігуратыўных ілюстрацый, а ніжэй — ланцужок цаглін з надпісамі, якія адсылаюць да мінімалісцкіх і канцэптуальных традыцый. Сінтэз дзвюх, часта супярэчных, сістэм — рэалістычнай і абстрактнай — стварае эфектны выяўленчы кантраст. У цэлым інсталяцыя рыфмуецца з традыцыямі мінімалістаў, у прыватнасці з так званым "жаночым" мінімалізмам 70-х, які характарызаваўся актыўнай адмовай ад эстэтычных канонаў "мужчынскага" і "амерыканскага" мінімалізму, а таксама неартадаксальным спалучэннем матэрыялаў і тэхнік. Разам з тым тэкстуальная насычанасць экспазіцыі нагадвае канцэптуалісцкую манеру, якая імкнецца да эмпірыкі, апісальнасці, псіхааналітычнага абгрунтавання, раскрыцця праблем прыватнага і суб’ектыўнага.

Умоўнасць фатаграфіі як жанру і яе графічная інтэрпрэтацыя наводзяць на думку пра ілюстратыўны і таму не заўсёды пераканаўчы характар вобразаў. Выявы ілюструюць, а значыцца, падпарадкоўваюцца халоднасці вербальных ідыём, высечаных на цэгле. Аўтар спрабуе перамясціць увагу гледача з асабістай выявы на выяўляльныя рэпрэзентатыўныя сістэмы. Эстэтычная прывабнасць і знакавасць ілюстрацый, такім чынам, уяўляюцца пэўным штукарствам для пераманьвання цікавасці ад формы да зместу працы і прыцягнення ўвагі да праблем прыватнага. Мастачка наўмысна сутыкае асабістыя пачуццёвыя вобразы, надрукаваныя на прасцінах (паводле слоў аўтара — самым інтымным матэрыяле), з абыякавасцю і халоднасцю тэксту. Важна адзначыць, што Жанна Гладко іранізуе з нагоды пэўных догмаў у сістэме сучаснага мастацтва, дзе асабістае само па сабе з цяжкасцю можа ўпісацца ў рэгламент і павінна падпарадкавацца строгім канцэптуальным абмежаванням.

Праца задумвалася як развагі пра дваістае ўспрыманне свету. Амбівалентнае падкрэслена на ўсіх узроўнях інсталяцыі: ад выбару матэрыялаў і іх кантрастнага спалучэння, да падбору і інтэрпрэтацый вербальных сувязяў. Ідэя праекта — уцягнуць гледача ў сімвалічную ордэрную сістэму, якой з’яўляецца мова.

Сяргей Шабохін, каардынатар праграмы START