START
Сакавік 13, 2014 - Сакавік 29, 2014

Персанальны праект Алёны Гайдук angulum lingo

13-29 сакавіка 2014

Экспазіцыя персанальнага праекта Алёны Гайдук angulum lingo

Інсталяцыя Алёны Гайдук angulum ligno створана ў межах праграмы START, запачаткаванай галерэяй сучаснага мастацтва "Ў". Праграма накіравана на пошук і падтрымку маладых аўтараў, арганізацыю ў галерэі іх першай персанальнай выставы.

Аngulum ligno перакладаецца як “лес, які знаходзіцца ў куце”. Лацінская назва праекта скіроўвае на той факт, што з’ява, да якой звярнулася аўтарка, патрабавала пэўнага вывучэння, класіфікацыі і названасці. Аngulum ligno - гэта псеўданавуковая назва, што сістэматызуе аб’екты, якія не з’яўляюцца цікавымі для навукі. Перажыванні, індывідуальны досвед, самаўспрыманне, названыя мёртвай мовай, пераводзяць тэму праекта ў стан недатыкальнасці і непарушальнасці.

Лес у куце – гэта прыватная прастора, валадарства лакальнага характару з непаўторнымі элементамі, пазбаўленымі любога штучнага асацыяльвання. Лес - тэрыторыя дзікасці і натуральнасці, дзе ўсё жыве па прыватных законах, далёкіх ад звыклых абмежаванняў. Малая інтымная тэрыторыя, якая змяшчаецца ў прывычным асяроддзі, жыве асабістым жыццём, развіваецца і сварае сваю эка-сістэму перажыванняў і ўяўленняў. Аngulum ligno – стан чалавека, што жыве ў сённяшняй Беларусі і вымушаны ствараць жывую непадпарадкавальную прастору на прадэзінфікаванай, стэрыльнай тэрыторыі.

Усе аб’екты, створаныя аўтарам, перамяжоўваюцца з прыроднымі элементамі і гарманічна суіснуюць у прасторы angulum ligno. Гэта своеасаблівы аўтапартрэт мастачкі – гісторыя ўласных чыннікаў пераўтвараецца ў поўнавартасцёвыя працы. Натхняльнымі вобразамі становяцца лёгкія да ўспрымання, прыгожыя па сваёй прыродзе рэчы – архітэктурныя і прыродныя матывы, дэталі вопраткі і фрызуры, элементы дэкору. Колькасны паказнік фактур і выяваў  пераходзіць за лічбу з двума нулямі, а цэласным вобразам становіцца асоба аўтара. Мастачка стварае аб’екты ў выключна жаночай манеры, падкрэслівае свой статус і належнасць, і не толькі не саромеецца ўласнай жаноцкасці, але падкрэслівае яе, як базісны чыннік самаўтварэння і ідэнтыфікацыі.

Наталля Гарачая, куратар праекта

Адкрыццё персанальнага праекта Алёны Гайдук angulum lingo